Чацвер, 26 Сакавік 2015

У Віцебску ў Дзень Волі ўсклалі кветкі Быкаву і Караткевічу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паводле даўняй ужо завядзёнкі жыхары Віцебску ў Дзень Волі 25 сакавіка ўскладаюць кветкі да мэмарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава і да помніка Ўладзімеру Караткевічу.

Сёлета ўскладаньне кветак прайшло таксама: зь дзясятак жыхароў абласнога цэнтру сабраліся каля помніка князю Альгерду, прайшлі да Усьпенскага сабору, дзе ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, парэшткі якіх былі знойдзены пад царкоўнымі сьценамі ў час рэстаўрацыі. А потым усклалі кветкі да мэмарыяльнай дошкі на будынку былой мастацкай вучэльні, дзе вучыўся Васіль Быкаў, і да помніка Ўладзімеру Караткевічу.

Увесь маршрут сьледам за тымі, хто вырашыў такім чынам адзначыць Дзень волі, прайшлі віцебскія міліцыянты. Спачатку іх было пад дзясятак, урэшце засталіся трое — але не шарагоўцы, а прадстаўнікі абласной управы МУС. Блізка супрацоўнікі міліцыі не падыходзілі — назіралі здалёк, а ў самым пачатку шляху зьнялі ўсіх прысутных на відэакамэру.

Радыё Свабода