Панядзелак, 06 Лістапад 2023

Па Віцебшчыне коціцца хваля ўслаўлення савецкага мінулага – у рэгіёнах святкуюць Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Нічога новага арганізатары не прыдумалі: у дні з 3-га па 7-га лістапада рйвыканкамы прапануюць ахвотным далучыцца да ўскладання кветак да помніка Леніну, наведаць канцэрты ў ДК і літаратурныя гасцёўні ў бібліятэках. Віншаванні на старонках раённых газет таксама выглядаюць традыцыйна, і нават больш за тое: пераносяць чытачоў ў савецкае мінулае даперабудовачных часоў.

«Віншуем з гадавінай Вялікага Кастрычніка! Падзеі кастрычніка 1917 года сталі пачаткам карэнных сацыяльных пераўтварэнняў у краіне, паўплывалі на ход сусветнай гісторыі. Абвешчаныя рэвалюцыяй ідэалы роўнасці і справядлівасці знайшлі водгук у народзе, сталі асновай эканамічнай і сацыяльнай палітыкі», -- такімі словамі нібыта з мінулай эпохі віншуюць землякоў Дубровенскі райвыканкам і райсавет.

Спрабуючы спалучыць мінуўшчыну з цяперашнім часам, аўтары прамовы перакідваюць масток з часоў БССР у цяперашнюю Беларусь, пакідаючы без увагі перыяд, калі беларусы масава выходзілі з камуністычнай партыі і пачыналі будаваць нацыянальна арыентаваную дзяржаву: «Атрымаўшы ў спадчыну ад СССР значны эканамічны патэнцыял, суверэнная Беларусь захавала ўсё найлепшае, што было створана ў гады савецкай улады. Нашай краіне ўласцівыя эфектыўная сацыяльная палітыка, гармонія ў міжнацыянальных адносінах, грамадзянам забяспечаны ўмовы для развіцця іх здольнасцей ва ўсіх сферах сучаснага жыцця».

Чырвоныя гваздзікі і стужкі, зоркі, сярпы з молатамі, пераапрананні ў «матросаў «Аўроры» і камісараў у скрураных куртках - усё гэта можна было ўбачыць на раённых мерапрыемствах, якія ўжо прайшлі ў шэрагу рэгіёнаў Віцебшчыны. Жыхароў настойліва пераконваюць у тым, што спадчына Савецкага Саюзу – гэта найвялікшая каштоўнасць, а ператварэнне Рэспублікі Беларусь у «запаведнік СССР» - безумоўнае шчасце, якое не вымагае прагрэсу, развіцця і руху наперад.

Надзея Крупская