Пятніца, 01 Красавік 2022

«Чысты пазітыў». Як уладальнік легендарнага «Жывемабіля» Андрэй Кулакоў дапамагае ўкраінскім уцекачам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

29-гадовы кіроўца легендарнага бел-чырвона-белага «Жывемабіля» Андрэй Кулакоў працуе цяпер валанцёрам на польска-ўкраінскай мяжы. Развозіць уцекачоў на такім жа самым бусе, як і «Жывемабіль», – на «Volkswagen T3». Але бус цяпер – жоўта-блакітны. Гаспадар назваў яго «Украінамабілем». Гэткім чынам дэманструе сваю падтрымку ўкраінцам і любоў да Кіева, які стаўся для беларуса другім домам. Пра гэта піша Белсат.

«Украінамабіль». Працяг гісторыі

Да бусаў «VW Transporter 3» Андрэй Кулакоў мае асаблівую прыхільнасць, калі не сказаць – жарсць. У ягонай калекцыі – 20 такіх аўтамабіляў. Два з іх у 2020 годзе натхнялі пратэстоўцаў у Віцебску сваёй яркай бел-чырвона-белай афарбоўкай. І не толькі ў Віцебску. Бусікі назвалі «Жывемабілямі».

Потым і першы, і другі – арыштавалі. Іх уладальніка – таксама. Кулакоў правёў за кратамі каля месяца (паводле розных адміністратыўных справах). У сакавіку 2021-га яму ўдалося выслізнуць з кіпцюроў МУС – там ужо шылі на яго «крыміналку» – і выехаць з Беларусі ва Украіну. «Украінамабіль» – 21-ы бус Кулакова. Гісторыя працягваецца.

«Вы вайну праспалі!»

«Так атрымалася, што польскія гуманітарныя візы мы зрабілі амаль адразу, як прыехалі ва Украіну, бо не ведалі, ці застанемся там. Аднак літаральна праз пару дзён я адчуў сябе ў Кіеве як дома. Такое бывае – нібыта прыраслі. І пражылі ў ім амаль год. Вайна разбурыла ўсе нашыя планы…» – кажа Андрэй Кулакоў.

У Кіеве ён зарабляў на адштукаванні кватэраў («элітны кафляр»). Праз некаторы час набыў сабе чарговы бус «VW T-3». Планаваў стварыць новы бел-чырвона-белы «Жывемабіль». Але – не паспеў.

«Калі папраўдзе, дык пачатак вайны мы з Каралінай (Караліна Цярэнцева – сяброўка Андрэя. – Заўв. ЗК) праспалі. Недзе аб 11:00 толькі разбудзіў нас тэлефонны званок: «Вы вайну праспалі!» Мы – у навіны, даведаліся, што на Кіеў ужо ракеты выпусцілі. І я як чалавек, якога цяжка выбіць з раўнавагі, прыняў рашэнне ехаць. Логіка такая: мы на арандаванай кватэры, працаваць магчымасці не будзе, ніякіх ашчаджэнняў не маем, ну і сам па сабе я зусім не ваяка. Вырашылі, што карысці з нас будзе больш, калі выедзем», – успамінае Андрэй Кулакоў.

Да таго ж меліся яшчэ і польскія візы. Праз содні дабраліся да Львова, потым трое содняў стаялі ў чарзе на мяжы і 1 сакавіка апынуліся ў Польшчы, дзе беларусаў на дзень прытуліла польская сям’я ў мястэчку Санак (Sanok), а потым – сябры ў Варшаве.

«Толькі падсох – паехалі валанцёрыць»

«На наступны дзень дабраліся да Варшавы і першай справай паехалі ў будаўнічы маркет па фарбы і пэндзлі. А наступным ранкам пачалі размалёўваць. Я і Караліна. І як толькі падсох, у найбліжэйшую суботу, паехалі на мяжу валанцёрыць», – кажа Андрэй.

«Самі не адпачылі – адразу кінуліся дапамагаць?» – пытаюся. «Ніколі не хацеў сядзець роўна на дупе, асабліва калі вакол такое адбываецца. А цяпер – бяда ва Украіне. І стараюся дапамагаць, наколькі і як магу», – адказвае мой суразмоўца.

Кажа, што ў Варшаве прыжывацца не збіраецца: гэта было б свайго роду здрадай Кіеву. Таму апошні тыдзень прабыў на памежным пераходзе «Мэдыка», дзе разам з валанцёрамі беларускай групы «Partyzanka» дапамагае ўкраінскім уцекачам.

«На мяжы працуем як перакладчыкі і інфарматары, сустракаем уцекачоў, тлумачым ім, куды далей, на які аўтобус сядаць, паказваем, расказваем. А я на колах, дык адвожу іх у бліжэйшы цэнтр для ўцекачоў. Забіраю і вязу тых, хто зусім разгублены і не ведае, куды яму ехаць, каго ніхто тут не сустракае. Там прынамсі можна памыцца, паспаць, адпачыць і сабрацца з думкамі, а потым ужо вырашаць, куды далей», – кажа Андрэй.

Удакладняе, што пад цэнтр для ўцекачоў у Мэдыцы абсталявалі спартовую залу ў школе: 300 ложкаў, душ, гарачае харчаванне, сродкі гігіены, усё бясплатна.

17 чалавек з валізамі ў салоне

Гаворыць, што валанцёры едуць начаваць у Пшэмысьль, дзе здымаюць кватэру. Працуюць зменамі па 8–10 гадзін («Калі больш – адчуваеш сябе як зомбі»). Але сітуацыі здараюцца розныя.

«Было такое, што валанцёры, якія мусілі нас замяніць, затрымаліся, дык працавалі 12 гадзін – зусім былі вычарпаныя. Загружаем апошні рэйс, каб давезці ў школу і ехаць самім спаць. Давозім, а там да нас мясцовыя паліцыянты падыходзяць і просяць завезці груз ва Украіну, бо палякаў не прапусцілі на мяжы. І што тут адкажаш? Загружаем скрыні і едзем ва Украіну – гэта яшчэ гадзіны на 2–3 працы. Гуманітарку ўкраінскім хлопцам перадалі – і назад…» – распавядае ўладальнік «Украінамабіля».

Андрэй Кулакоў удакладняе, што гуманітарную дапамогу ва Украіну давялося падвозіць ужо двойчы. Другім разам хутка не атрымалася. Быў вымушаны прайсці праз дадатковы агляд машыны і размову з польскімі памежнікамі («Чаму ўязджаў у Кіеў? Чаму выязджаў? Што рабіў у Беларусі?»).

Са словаў валанцёра, уцекачы едуць цяпер з усіх куткоў Украіны. Патокі ідуць хвалямі, у залежнасці ад сітуацыі на франтах і ад таго, ці дзейнічаюць і наколькі бяспечныя гуманітарныя калідоры. Прыкладам, пасля нядаўняга абстрэлу Львова чакалі вялікай плыні ўцекачоў з гэтага гораду ў аўторак і сераду.

«У мінулыя чацвер і пятніцу быў проста велізарны паток з Марыупалю, адкуль вырваліся людзі, дык садзілі людзей у мой аўтобусік пад завязку. Апошнім рэйсам я вёз у бусе 11 дарослых і, можа, шэсць дзяцей, і ўсе з рэчамі. У бусе, у якім, па сутнасці, зараз толькі чатыры месцы. І так бывае. Хоць ехаць там недалёка – пяць хвілін», – расказвае Андрэй Кулакоў.

«Украінамабіль» застанецца назаўжды

Задача Андрэя – забраць як мага больш людзей і як мага хутчэй адвезці, каб адразу ж вярнуцца па новых уцекачоў. Таму на размовы часу няма. Дый людзі настолькі стомленыя, што на лішнія словы энергію не трацяць.

«Але мы не хаваем, што мы беларусы. Стараемся рабіць на гэтым акцэнт, каб ва ўкраінцаў складалася нармальнае стаўленне да нас. Тлумачым людзям, раздаём улёткі. Маўляў, мы вашыя сябры, мы дапамагаем і працягваем змагацца, і тое, што адбываецца, – гэта наш агульны боль, агульная праблемы. Мы побач, кажам ім», – гаворыць Андрэй.

Сцвярджае, што ягоны «Украінамабіль» людзі ўспрымаюць «як чысты пазітыў»: адным сваім выглядам ён уздымае настрой і прыдае сілаў змучаным цяжкай дарогай і цяжкімі думкамі ўцекачам.

«Асабліва ўразіла пара пажылых людзей, якія перайшлі мяжу з двума вялізнымі сабакамі, па 50–60 кг кожны. Сабакі гэтыя былі вельмі старыя – два-тры крокі рабілі і клаліся на зямлю. І яшчэ адзін маленькі быў з імі сабачка, якога яны падабралі па дарозе, бо «быў дужа няшчасны». І пры гэтым жанчына таксама рухалася з цяжкасцю, бо мела пералом нагі. Уявіце сабе… І гэта ўрэзалася ў маю памяць. Як увасабленне чалавечнасці», – кажа Андрэй.

Паводле яго, валанцёры на мяжы патрэбныя заўсёды. Асабліва тыя, хто разумее ўкраінскую і расейскую мовы. Заклікае далучацца беларусаў.

Пытаем у Андрэя, калі, на ягоны погляд, зʼявіцца нагода перафарбаваць «Украінамабіль» у беларускі «Жывемабіль».

«Ніколі, – адказвае, – бо «Украінамабіль» застанецца назаўжды. А «Жывемабіль» паедзе ўжо па вольнай Беларусі. І мае два «Жывемабільчыкі» стаяць цяпер і чакаюць перамогі. Дарэчы, ніякія машыны ў Віцебску так пільна не ахоўваюцца, як яны – пад камерамі, пад кругладзённай аховай на паркоўцы УУС Віцебскага аблвыканкаму. Усё будзе добра».

18 сакавіка Андрэю Кулакову споўнілася 29 гадоў – праз некалькі тыдняў пасля эвакуацыі ў Польшчу. А мінулы свой дзень народзінаў адзначаў на наступны дзень пасля прыезду ў Кіеў. Верыць, што 30-годдзе адсвяткуе ў Беларусі – за стырном «Жывемабіля».