Чацвер, 14 Лістапад 2013

Свабодны прафсаюз Беларускі зладзіў акцыю ля прахадной ААТ «Полацак-Шкловалакно»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На прахадной ААТ “Полацак-Шкловалакно” ў пятніцу 15 лістапада быў выстаўлены сьцяг Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Прафсаюз распаўсюджваў сваё інфармацыйнае выданьне «Мнение профсоюза». Прафсаюзны інфармацыйны дакумэнт раздаваўся рабочым, якія ішлі на зьмену і са зьмены.

З жніўня 2013 году Свабодны прафсаюз распаўсюджвае на прахадной заводу свае выданьн практычна штомесяц. У гэтую пятніцу ўпершыню ля прахадной была пастаўленая тумба з зарэгістраваным сьцягам прафсаюзу. На тумбе ляжалі газэты, якія працоўныя маглі браць бясплатна. Прафсаюзную прэсу раздавалі старшыня Свабоднага прафсаюзу заводу Віктар Стукаў і актывіст прафсаюзу памочнік майстра цэху № 7 Мікалай Шарах.

Многія рабочыя зь цікаўнасьцю бралі прэсу. Былі і тыя, якія адмаўляліся ад бясплатнай інфармацыі. За час акцыі рабочым было раздадзена каля 300 асобнікаў газэты.

Дырэктару па ідэалёгіі Людміле Проп не спадабалася акцыя, і яна паслала ахоўнікаў сказаць, каб прафсаюз спыніў мерапрыемства. Аднак старшыня прафсаюзу заявіў ахове, што мерапрыемства ладзіцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам, і калі ахоўнікі будуць перашкаджаць, неадкладна будзе выкліканая міліцыя. Прадстаўнікі аховы сышлі і больш не перашкаджалі прафсаюзьнікам раздаваць газэты.

Крыніца: Свабодны прафсаюз - Полацак