Прычыну, агучаную ў судзе, можна было б своечасова вырашыць, гаворыць Зьміцер Лупач: “Заяўку на 23 лістапада мы падавалі за паўтары месяцы да гэтай даты. Але ў лісьце за подпісам старшыні райвыканкаму А.Морхата было напісана, што акцыю забараняюць, бо выканкам вызначыў іншыя месцы для пікетаў і мітынгаў. Гэтая адмова незаконная: калі старшыня райвыканкаму піша, што новае рашэньне ўладаў праходзіць юрыдычную экспэртызу і рэгістрацыю, то павінна дзейнічаць старое рашэньне, якога ніхто не адмяняў. Пра гэта я і пісаў у скарзе ў суд. Заяўляў, што правы грамадзянаў на публічнае выказваньне меркаваньняў парушаныя, бо ня можа быць ніякага “перапынку” паміж дзеяньнем старога і новага рашэньняў”.
У судзе, апавядае актывіст, прадстаўніца юрыдычнага аддзелу райвыканкаму спачатку доўга тлумачыла, чаму наогул паўстала пытаньне пра зьмену месцаў для масавых акцыяў. Аказваецца, там, дзе яшчэ можна было пікетаваць у 2012 годзе, цяпер стала цесна: ДАІ папрасіла вызваліць месца для машын, якія прыяжджаюць на тэхагляд.
Але з гэтым ніхто і не спрачаецца, кажа глыбоцкі актывіст: “Месца, прапанаванае ўладамі цяпер, ніколькі ня горшае. Але потым прадстаўніца выканкаму раптам успомніла, што я не падаў разам з заяўкай дамовы на абслугоўваньне акцыі. Дык чаго ж тады адмаўлялі на іншай падставе? Каб ня гэтая блытаніна з рашэньнямі, старымі і новымі, мы б усё пасьпелі! Паводле закону аб масавых акцыях так яно і мусіла б быць: улады даюць дазвол, і тады арганізатары заключаюць дамовы. А нам адразу – забарону, прычым на незаконнай падставе. Такое ўражаньне, што ў выканкаме ня ведаюць заканадаўства і ня хочуць яго выконваць”.
Ускосным пацьверджаньнем гэтага Зьміцер Лупач лічыць наступныя факты. Толькі ў судзе ён даведаўся, што новае рашэньне выканкаму ўжо зацьверджанае і з 1 лістапада ўжо дзейнічае. Раённая газэта “Веснік Глыбоччыны” пра гэта не паведамляла, а на сайце “раёнкі” рубрыка “Нарматыўныя прававыя акты” не працуе наогул. На абласным сайце цэнтру прававой інфармацыі ужо ня першы дзень вядуцца нейкія “тэхнічныя працы”. Сайт райвыканкаму толькі паведамляе, што ў ранейшае рашэньне пра масавыя акцыі ўнесеныя зьмены, якія пачынаюць дзейнічаць з дня апублікаваньня. Публікаваліся яны толькі на партале www.pravo.by, аднак нават гэтага глыбачанам ніхто не тлумачыць.
Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"