15 студзеня сход у «Эвікоме» праводзіла кіраўніца аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч. Яна паінфармавала прысутных пра заўчорашняе наведваньне адміністрацыі прэзыдэнта, міністэрства гандлю і прыём ў міністра па фінансах, адзначыўшы, што прадпрымальнікаў упершыню прынялі на гэткім высокім узроўні. Ва ўсе згаданыя інстанцыі дэлегацыя прадпрымальнікаў перадала свае прапановы.
Ірына Яскевіч адзначыла, што, калі чаканьне рэакцыі на выказаныя прапановы ня будзе актыўным, то і адказу з боку ўладаў трэба чакаць адпаведнага. Паводле яе словаў, асабіста яна паедзе ў Менск на акцыю ў абарону прадпрымальніцтва. А вось ці паедуць на пратэставае мерапрыемства прысутныя на сходзе прадпрымальнікі, можна будзе даведацца толькі з колькасьці яго ўдзельнікаў.
«Дзяржава патрабуе ад прадпрымальнікаў літаральнага выкананьня кожнага пункту выстаўленых патрабаваньняў, хаця сваіх абавязкаў па стварэньні спрыяльных і роўных умоваў для гандлю не выконвае. У якасьці прыкладу можна падаць наступны факт: сукенка беларускай вытворчасьці ва ўнівэрмагу каштуе 370 тысячаў беларускіх рублёў, а адпускная цана для індывідуальных прадпрымальнікаў на фабрыцы складае 480 тысячаў. Да таго ж, пагаджаючыся на сэртыфікацыю, праз падачу ўзораў сваёй прадукцыі на экспэртызу вы сьведчыце, што ваш тавар кантрафактны, інакш павінны былі б адразу набываць яго з гатовымі дакумэнтамі. І такіх недарэчнасьцяў – процьма!» – заявіла Ірына Яскевіч.
Яна выказала ўпэўненасьць, што прадпрымальнікі мусяць праявіць актыўнасьць і непахіснасьць: «Калі мы будзем сядзець дома, то ўрэшце атрымаем напаўкампраміснае рашэньне сакавіка мінулага году. Таму я спадзяюся, што на акцыі ў абарону прадпрымальніцтва будуць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. На сёньняшні час наша асноўная задача – не выходзіць на працу да тае пары, аж пакуль ня будзе падпісаны канкрэтны дакумэнт».
Адзін з найбольш актыўных удзельнікаў сходу і сустрэч у габінэтах сталічных чыноўнікаў, што папярэднічалі яму, заявіў: «Выходзіць, улады здольныя да культурных зносінаў, але яны заўжды гнуць сваю лінію. Яны жадаюць накрыць нас, нібыта шапкай. Ня маюць яны намеру вырашыць наша пытаньне. Але мы ў кожным габінэце заявілі пра свае патрабаваньні. Мы былі і ў міністра фінансаў, і ў аднаго з намесьнікаў міністра гандлю, заехалі і ў адміністрацыю прэзыдэнта. І паўсюль нас напачатку адпраўлялі ў канцылярыю, каб свае прапановы мы пакідалі там. Аднак мы ня маем часу на доўгі бюракратычны шлях. Ва ўсіх здаюць нэрвы. Нам трэба рабіць мэтанакіраваныя захады, бо цяпер уся палітыка дзяржавы зводзіцца да таго, каб зламаць нас, каб змусіць выйсьці на працу».
Удзельнікі прадпрымальніцкага сходу таксама агучылі меркаваньне, што надзейных дакумэнтаў практычна ні ў каго няма. Бо нават пры наяўнасьці сэртыфікатаў можа стацца, што іх ня будзе ў базе дадзеных. Да таго ж дакумэнт можа ня тычыцца той ці іншай канкрэтнай партыі тавару. Што да расейскіх сэртыфікатаў, то ў іх шмат блытаніны ў лічбах. У Расеі на гэта не зьвяртаюць асаблівай ўвагі, бо штрафы там капейкавыя, не супастаўныя зь беларускімі.
Напрыканцы сходу яго ўдзельнікі падтрымалі інтэрнэт-акцыю «Я – ІП», распачатую ў сацыяльных сетках. Некаторыя зь віцебскіх прадпрымальнікаў узялі ў рукі аркуш з адпаведным надпісам, каб сфатаграфавацца, а затым разьмясьціць здымак у сеціве.
Нягледзячы на пэўнае адзінства ў прадпрымальніцкіх шэрагах, пытаньне «Што нам рабіць далей?» не аднойчы гучала ня толькі падчас сходу, але і пасьля яго завяршэньня, калі людзі абмяркоўвалі свае праблемы ў больш вузкім коле. Гэта можа сьведчыць пра тое, што нейкая частка гандляроў па-ранейшаму знаходзіцца ў стане разгубленасьці і няпэўнасьці.
Не абышлося і без канфлікту: вядоўца сходу не дала слова намесьніку старшыні РГА «Пэрспэктыва» Анатолю Шапавалаву. Частка прысутных пачала абурацца, але большасьць пагадзілася зь вядоўцай і прапанавала спадару Шапавалаву і яго паплечнікам выйсьці на двор і там выказваць свае прэтэнзіі. Як патлумачыла Ірына Яскевіч сваю адмову даць магчымасьць выступіць усім ахвотным, у будынку «Эвікому» дазволены менавіта сход прадпрымальнікаў, а таму ніякіх форумаў і мітынгаў тут быць не павінна. Бо інакш адміністрацыя можа пазбавіць прадпрымальнікаў апошняй магчымасьці зьбірацца легальна і абмяркоўваць свае справы.
Па сканчэньні сходу прыхільнікі Анатоля Шапавалава сабраліся звонку, дзе і выказалі свае меркаваньні. Размова праходзіла ў нязмушанай, але эмацыйнай форме. Спадар Анатоль заявіў, што прызначаны на 25 студзеня форум прадпрымальнікаў можа прыняць рашэньне пра арганізацыю рэспубліканскага маршу ў абарону прадпрымальніцтва. З вуснаў аднаго з удзельнікаў быў выказаны заклік да выхаду на Плошчу, на які натоўп, зрэшты, ніяк не адрэагаваў. Прагучала думка і пра неабходнасьць выставіць уладам палітычныя патрабаваньні.
«Колькі можна прасіць? Пара ўжо патрабаваць!» – заявіла адна з удзельніц імправізаванага палілёгу. З жаночых вуснаў гэты крык душы прагучаў даволі моцна і быў пачуты прысутнымі, якія выказалі намер правесьці акцыю пратэсту ля будынку абласной адміністрацыі. Склалася ўражаньне, што грамадзяне нарэшце пачынаюць усьведамляць, што яны маюць поўнае права патрабаваць ад дзяржавы выкананьня ёю абавязкаў па забесьпячэньні ўсіх суб'ектаў эканамічнай і палітычнай сфэры роўнымі магчымасьцямі і свабодаю.
С. Горкі, Віцебская вясна
https://viciebskspring.org/news/akcyi/item/131-vitsebskiya-pradprymalniki-ne-zbirayutstsa-zdavatstsa-fota#sigProId6ce20b3f31