Як паведаміў Пётар Іваноў, мітынг, што адбыўся, быў ня толькі ў падтрымку кандыдата Віктара Жаркова: «Гэты мітынг – у падтрымку ўсіх нашых кандыдатаў, якія ідуць ад “Сумленнай улады”», – сказаў ён.
На пачатку імпрэзы Віктар Жаркоў зачытаў тэкст, навошта і з чым ён ідзе ў дэпутаты: «Я іду на выбары з самай высокай ідэяй і палітычнай мэтай. Мая ідэя – гэта Сумленная ўлада».
Прамова кандыдата была прасякнутая духам мэсіянства: «Упэўнены, што менавіта Сумленная ўлада стане нацыянальнай ідэяй ня толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. На нашай з вамі зямлі, у нашай Айчыне разам з найвышэйшай ідэяй Сумленнай улады на арэну сусьветнай гісторыі выходзіць новая, не прадбачаная нікім зьява, адрозная ад навукі, ідэалёгіі і рэлігіі, прычым не ў адзіночным, а ў масавым увасабленьні», – заявіў Віктар Жаркоў.
Кандыдат падзяліўся з удзельнікамі мітынгу сваёй праграмай, якая, як было сказана, супадае з праграмамі іншых кандыдатаў – сяброў генэральнай рады па стварэньні міжнароднага аб’яднаньня. «У выпадку ўваходжаньня ва ўладу клятвенна абяцаю вам ня красьці з казны, ня браць хабары і не падпісваць заведама фальшывыя афіцыйныя дакумэнты», – запэўніў прысутных Віктар Жаркоў.