Пятніца, 31 Ліпень 2026

Міліцыя пацвердзіла затрыманне больш за 300 чалавек у Расонскім раёне. Ім пагражаюць штрафы і арышты

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пасля таго, як незалежныя медыі ўчора распаўсюдзілі інфармацыю аб інцыдэнце, Тэлеграм-канал "МВД Беларуси" размясціў паведамленне з падрабязнасцямі пра затрыманні вялікай групы людзей на беразе возера Белае. Паводле гэтага інфармацыйнага рэсурсу, міліцыя спрацавала, атрымаўшы званок на 102. Выехаўшы на месца, супрацоўнікі МУС убачылі намётавы гарадок, у якім былі дарослыя і дзеці.

Яны "развялі вогнішчы і зладзілі гулянні з гучнай музыкай і выкарыстаннем атрыбутыкі розных рэлігійных плыняў. Многія з іх знаходзіліся ў голым выглядзе пры малалетніх дзецях",- сцвярджае міліцэйскі Тэлеграм-канал.

Затрыманых адвезлі складаць пратаколы . Двое ўдзельнікаў прызнаны арганізатарамі "несанкцыянаванага масавага мерапрыемства" - 23-гадовая дзяўчына і 52-гадовы мужчына. Іх чакае больш строгае пакаранне.

Па нашай інфармацыі, на штогадовы злёт, які сёлета было вырашана правесці ў Расонскім раёне, сабраліся беларускія прадстаўнікі нефармальнага руху "Сям'я вясёлкі'. Такія злеты праводзяцца рэгулярна ў найбольш ціхіх і аддаленых мясцінах, каб сяброўскі адпачынак аднадумцаў не замінаў мясцовым жыхарам. Але ўвечары 29 ліпеня адбыўся міліцэйскі налёт на намётавы гарадок, дзе прайшлі масавыя затрыманні

Ліна Магілянская