Папярэдні ператрус у Леаніда Гаравога сілавікі праводзілі ў лістападзе, калі па Віцебшчыне пракацілася хваля ціску на прыхільнікаў руху «За Свабоду». Што спадзяваліся знайсці ў спадара Гаравога гэтым разам – невядома. Мінулую ноч ён правёў за кратамі.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што Леанід Гаравы мае праблемы са здароўем. Калі ў 2020-м годзе ён быў затрыманы на тры дні і асуджаны нібыта за спробу правядзення несанкцыянаванага пікетавання, ён трапіў у лякарню ў крытычным стане. Праз адсутнасць неабходных лекаў у яго здарылася гіпаглікемічная кома, а потым адбыўся інсульт.
Леанід Гаравы, настаўнік матэматыкі паводле адукацыі, працаваў дырэктарам вясковай школы і быў вымушаны сысці з пасады пад ціскам за сваю грамадскую дзейнасць. Ён адзін з найстарэйшых актывістаў Гарадоччыны, які спрыяў развіццю грамадскага руху і незалежных СМІ ў рэгіёне.
Яна Чайка