Серада, 21 Верасень 2022

Суд адмовіўся прызнаць пікетам наяўнасць бел-чырвона-белых магніцікаў на хатнім халадзільніку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Кастрычніцкага раёна Віцебска Ўладзімір Царыкаў 20 верасня разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да жыхара Віцебска Сяргея Сясіцкага. Міліцыя палічыла, што ён правёў несанкцыянаванае ўладамі пікетаванні ў сябе дома праз вывешванне бел-чырвона-белых магніцікаў на дзверцах халадзільніка. Паколькі пікет з'яўляецца публічным мерапрыемствам, то суддзя палічыў, што ў дзеяннях Сясіцкім адсутнічае склад адміністрацыйнага правапарушэння і на гэтай падставе спыніў вядзенне па справе.

17 жніўня сваякі Сяргея паведамілі аб тым, што ён быў затрыманы на 72 гадзіны і змешчаны ў СІЗА. Яму інкрымінуюць злачынства, прадугледжанае часткай 1 артыкула 368 КК - публічную абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 4 год пазбаўлення волі. Хутчэй усяго прычынай затрымання паслужыў пост у сацсетках, размешчаны мужчынай яшчэ ў 2017 годзе. 

Дома ў падазронага, а таксама па месцы жыхарства яго бацькоў прайшлі ператрусы. Падчас ператруса ў Сясіцкага аператыўнікі канфіскавалі тры бел-чырвона-белыя магніцікі з дзверцаў халадзільніка і чахол для тэлефона з гербам «Пагоня». 

Са Следчага камітэта інфармацыю аб Б_Ч_Б магніціках пераслалі ў Кастрычніцкі РАУС, і ўказалі правесці праверку па факце магчымага адміністрацыйнага правапарушэння - праведзенага пікета. 

7 верасня Сесіцкага выклікалі ў міліцыю, і склалі пратакол аб учыненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага часткай 1 артыкула 24.23 КаАП. Пры гэтым яго пратрымалі трое сутак у ІЧУ. Пасля гэтага супрацоўнікі міліцыі справу перадалі ў суд. 

На судзе Сяргей прызнаў, што магніцікі і чахол з сімволікай знаходзіліся ў ягонай кватэры, аднак не прызнаў, што гэтым ён праводзіў пікет. 

Суддзя Царыкаў, зазначыў, што матэрыялы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні не змяшчаюць звестак ні пра тое, у якім месцы праводзілася несанкцыянаванае мерапрыемства, і не знайшоў доказу таго, што Сясіцкі публічна дэманстраваў неўстаноўленаму колу асобаў магніцікі на дзвярах свайго халадзільніка. На гэтых падставах адміністратыўная справа была зачынена.

Тым не менш у адносінах да мужчыны праводзіцца расследаванне па крымінальнай справе аб абразе Лукашэнкі. Па запыце пракуратуры суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 12 ліпеня пастанавіў старонку Сясіцкага ў Facebook прызнаць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Доступ да яе ў Беларусі абмежаваны. 

Алег Кунін