Пятніца, 29 Ліпень 2022

Затрымалі віцебскую журналістку Таццяну Матвееву

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Былую супрацоўніцу найбуйнейшага навінавага парталу, абвешчанага экстрэмісцкім, затрымалі ўвечары 28 ліпеня. Міліцыянты прычакалі спадарыню Таццяну на вакзале, калі яна вярталася з камандзіроўкі. Дома ў яе быў праведзены ператрус, а ў аддзеле міліцыі Кастрычніцкага раёну на журналістку склалі пратакол за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне (арт. 24.23 КаАП). Гэтую ноч затрыманая правяла ў ІЧУ, верагодна, што 29 ліпеня Таццяну Матвееву будуць судзіць.

Паколькі Таццяна Матвеева не ўдзельнічала ні ў якіх несанкцыянаваных вулічных імпрэзах, то яе вінавацяць хутчэй за ўсё, за нейкія фотаздымкі ў сацыяльных сетках. Падобныя абвінавачанні, да прыкладу, за жоўта-блакітныя сцяжкі на аватарках, у рэгіёне апошнім часам пачасціліся. Тым болей, што асабістыя старонкі журналісткі ў сацыяльных сетках цалкам маглі прыцягнуць увагу сілавікоў: шмат яе пастоў, у тым ліку і апошнія, прысвечаны ліставанню з палітвязнямі, развагам пра вымушаную эміграцыю многіх беларусаў і г.д.

Пакінуўшы працу на партале ў сувязі з ягоным закрыццём, спадарыня Таццяна абвясціла, што прынцыпова пераходзіць у зносінах на беларускую мову. Па-беларуску яна піша і для шэрагу выданняў, з якімі супрацоўнічае. Паралельна з працай журналістка адмініструе на валанцёрскіх пачатках групу «Новости Витебска ТУТ», якая карыстаецца папулярнасцю ў гараджан.

Месяц таму Таццяну Матвееву выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС на прафілактычную гутарку наконт недапушчальнасці адміністрацыйных правапарушэнняў, у тым ліку і паводле арт. 24.23 КаАП. Аднак гаворкі вяліся не толькі пра гэта: як тады распавядала журналістка, яе вельмі падрабязна распавядалі наконт былой працы на партале, матэрыялы якога абвешчаны экстрэмісцкімі, і які сёлета быў прызнаны «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Станіслаў Іваноўскі