Апазіцыянер звярнуўся да начальніка Чыгуначнага РАУС з пытаннямі, на якой падставе яго падначаленыя парушаюць беларускае заканадаўства.
Барыс Хамайда лічыць, што яго затрымлівалі незаконным чынам: грамадзяне, якія да яго звярнуліся, былі ў цывільным, не назвалі сябе, не паказалі службовых пасведчанняў, а толькі загадалі ехаць з імі ў пастарунак. Актывіст кажа, што не стаў спрачацца толькі таму, каб не правакаваць ніякіх эксцэсаў і абвінавачанняў у непадпарадкаванні. Ён адзначае, што ніякай фіксацыі падзеяў не адбывалася, і толькі са словаў гэтых двух грамадзянаў у цывільным вынікала, нібыта ён ладзіў несанкцыянаваны пікет.
У райаддзеле міліцыі версію пра несанкцыянаванае пікетаванне яму працягваў выкладаць старшы лейтэнант Шушкевіч. Але ён не здолеў адказаць Барысу Хамайду на пытанне, у якім дакуменце напісана, што распаўсюд беларускай літаратуры – гэта пікет. Адказ «Закону з сабой у мяне няма, але дастаткова маіх слоў» апазіцыянер лічыць пустой адгаворкай. Ён падкрэслівае, што ніколі не адмаўляў удзелу ў нейкіх акцыях, калі насамрэч іх праводзіў. Але ў тым выпадку затрыманне ён лічыць незаконным, і таму ўпершыню за амаль 25 гадоў апазіцыйнай дзейнасці патрабуе тлумачэнняў ад міліцыі.
На думку Барыса Хамайды, яго беспадстаўна трымалі ў Чыгуначным РАУС 3 гадзіны 57 хвілін, тым болей, што за гэты час не склалі ніводнага працэсуальнага дакументу. Ён просіць начальніка райаддзелу міліцыі адказаць, чаму супрацоўнікі лічаць гэта нормай. І яшчэ раз звяртае ўвагу на тое, што 26 красавіка ён усяго толькі распаўсюджваў беларускую літаратуру – легальныя выданні, а таму не разумее, дзе ў ягоных дзеяннях міліцыянты ўбачылі пікет.
Віцебскі апазіцыянер нагадвае, што ў 2021 годзе было некалькі падобных затрыманняў, калі яго забіралі ад «сіняга дому», дзе ён распаўсюджваў беларускую літаратуру. Аднак міліцыянты праводзілі праверку і давалі пісьмовыя адказы, што няма падставаў для адміністрацыйных справаў. Аднак сёлета супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС раптам звярнулі ўвагу на жоўта-блакітную стужку, якая ўжо некалькі гадоў была павязаная на століку распаўсюдніка. У рэчах Барыса Хамайды знайшлася яшчэ адна стужка, бел-чырвона-белая, і на гэтай падставе актывіста абвінавацілі ў несанкцыянаваным пікетаванні і прысудзілі арышт на 20 сутак. Аднак падчас затрымання 26 красавіка пры ім не было нічога, апрача кніжак.
Феліцыян Красоўскі