Яўген Сцяпанаў лічыць парушэннем тое, што міліцыянты праводзілі ператрус у некалькіх пакоях адначасова, а таму не было магчымасці сачыць за іхнымі дзеяннямі. Таксама ён зазначае, што быў праведзены дагляд рэчаў ягонага сына і ягонай маці, у выніку былі забраныя не толькі ягоныя асабістыя рэчы, але і рэчы, якія належаць іншым асобам.
Міліцыянты забралі ноўтбук, два мабільныя тэлефоны, гульнявую прыстаўку, сістэмны блок ад кампутара, відэакамеру, некалькі флэшак, CD-дыскі. А таксама былі забраныя нататнік з паролямі ад электронных паштовых скрыняў, паветраныя шарыкі зялёнага, чырвонага і белага колераў і нават шарыкавая ручка. Акт з пералікам забраных рэчаў яму не далі, сцвярджае Яўген Сцяпанаў.
І асобна адзначае, што супрацоўнікі міліцыі забралі спіс (на паперы) тых асобаў і інстанцый, куды ён накіроўваў заявы пра неабходнасць спыніць вайну ва Украіне, і скаргі пра тое, што адказы на ягоныя допісы дасылаліся яму з парушэннем заканадаўства аб зваротах грамадзянаў.
Скардзіцца жыхар Віцебску і на тое, што яго даставілі ў Першамайскі РАУС на допыт, парушыўшы не толькі заканадаўства, але і этычныя нормы: пасля ператрусу ў кватэры міліцыянты чамусьці вырашылі правесці ягоны асабісты дагляд на вуліцы, на вачах суседзяў і знаёмых.
У заяве ў абласную пракуратуру Яўген Сцяпанаў патрабуе даць прававую ацэнку дзеянням міліцыянтаў, якія праводзілі ператрус і ягоны асабісты дагляд, і просіць нарэшце патлумачыць, з якой нагоды праводзіліся гэтыя працэсуальныя дзеянні.
Андрэй Кот