«Адчуваў моцную падтрымку з волі – гэта перадачы, якія рэгулярна атрымліваў. Вялікі дзякуй! У камеры я там, як заўжды, «куклаводзіў» і праводзіў антыфашысцкую прапаганду, ну і ўсё такое. Быў і там парушальнікам гэтага рэжыму», – сказаў адразу па вызваленні Мікола Качурэц.
Запэўніў, што адчувае сябе нармальна.
15 сутак Міколу Качурцу прысудзіла 5 лістапада суддзя Вераніка Барысава, якая прызнала актывіста вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34 КаАП). Рашэнне аб арышце было агучанае без Качурца – ён на суд не явіўся. Затрымалі яго толькі 14 снежня. Па словах віцябляніна, затрымлівалі амапаўцы, адвезлі ў РАУС пасля таго, як знайшлі ў заплечніку бел-чырвона-белы сцяг.
Мікола Качурэц 5 разоў прыцягваўся цягам году да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.34.
Каля СІЗА з віншаваннямі і каляднымі падарункамі актывіста сустрэлі сябры і паплечнікі.
Зміцер Міраш