Чацвер, 21 Май 2020

На адміністратарку каналу «Страна для жизни» завялі адміністрацыйную справу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Юлія Барсукова Юлія Барсукова

Супрацоўнікі міліцыі Кастрычніцкага раёну Віцебску прыехалі дахаты да адміністратаркі тэлеграм-чату «Краіна для жыцьця» Юліі Барсуковай і аддалі ёй пратакол пра адміністрацыйнае правапарушэньне, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя. Жанчыну вінавацяць у закліках на несанкцыянаваную акцыю ў Воршы.

«Нібыта я заклікала ў горадзе Воршы. Я зачытаю: «што было выражана ў разьмяшчэньні ў кампутарнай сетцы інтэрнэт у тэлеграм-канале «Страна для жизни.Чат» закліка на масавыя мерапрыемствы кожную нядзелю да 12.00 каля помніка Леніну». Сказалі, што скрыншоты і ўсё такое ў іх ёсьць», – паведаміла спадарыня Юлія.

Паводле міліцыянтаў, суд мае адбыцца 29-га траўня, але Юліі Барсуковай сказалі дадаткова чакаць позву.

На мінулым тыдні яе выклікалі ў пракуратуру і афіцыйна папярэдзілі пра недапушчальнасьць парушэньня заканадаўства шляхам разьмяшчэньня ў інтэрнэце заклікаў на несанкцыянаваныя імпрэзы. Тады прэтэнзіі былі да спавяшчэньня пра падзеі ў Гомлі, дзе затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага. Юлія Барсукова абскардзіла пракурорскае папярэджаньне.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.