Пятніца, 30 Сакавік 2018

Барыса Хамайду будуць судзіць за віншаваньні з Днём Волі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Барыс Хамайда Барыс Хамайда Фота: https://www.svaboda.org

Увечары 28 сакавіка найстарэйшага віцебскага апазыцыянэра наведалі супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС і паведамілі, што супраць яго распачатая адміністрацыйная справа паводле артыкулу 23.34. Справа ініцыяваная міліцыянтамі праз падзеі 23 сакавіка.

У той дзень Барыс Хамайда віншаваў віцебскіх мінакоў з Днём Волі, чым, на думку праваахоўнікаў, парушыў парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. На месцы каля так званага “сіняга дому”, дзе актывіст звычайна распаўсюджвае незалежную прэсу, ён усталяваў бел-чырвона-белы сьцяг і вывесіў расьцяжку-вышыванку ў гонар стагодзьдзя БНР.

На віншаваньне мінакі рэагавалі па-рознаму. Распавядае Барыс Хамайда: “Большасьць мінакоў успрымала маё віншаваньне прыхільна. Праўда, адна спадарыня спрабавала распачаць скандал: спачатку ёй не спадабалася выява “Пагоні”, а потым яна заявіла, што пад “бел-чырвона-белым сьцягам паліцаі вешалі людзей”. Дастала мабільны тэлефон, спрабавала здымаць мяне, прыгаворваючы, што хоча ведаць у твар сваіх ворагаў. А потым кудысьці патэлефанавала. Верагодна, яна і выклікала міліцыю”.

Паводле Барыса Хамайды, супрацоўнікі міліцыі падышлі да яго толькі празь некалькі гадзінаў, калі той ужо зьбіраўся сыходзіць. Заўважыўшы, што ён пакуе рэчы, ніякіх прэтэнзіяў міліцыянты ня выказалі. Таму візыт дахаты ажно праз 5 дзён стаўся для актывіста непрыемнай нечаканасьцю.

Паводле артыкулу 23.34, спадару Хамайду пагражае адміністрацыйны арышт або штраф памерам да 30 базавых велічыняў. Дата суду над актывістам пакуль невядомая. Яму сказалі чакаць позву.

Нагадаем, 26 сакавіка за віншаваньні віцебчукоў зь Днём Волі былі ўжо аштрафаваныя жыхары Віцебску Мікола Качурэц і Андрусь Кешанюк.

С. Горкі