Аўторак, 14 Сакавік 2017

Судны дзень у Воршы: штрафы і арышты за ўдзел у «Маршы недармаедаў»

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

13 сакавіка судзілі ўдзельнікаў акцыі пратэсту, што адбылася ў Воршы напярэдадні. Як паведамлялася раней, у дзень правядзеньня мітынгу і шэсьця ў горадзе было затрымана каля 20-ці чалавек. Большасьць зь іх былі адпушчаныя менш як праз 3 гадзіны пасьля затрыманьня. 8 чалавек былі адпраўленыя ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

У панядзелак сямёра з васьмі актывістаў, што апынуліся ў ІЧУ, былі дастаўленыя ў суд Аршанскага раёну і гораду Воршы. У выніку ўсе яны за ўдзел у акцыі супраць дэкрэту аб «дармаедах» № 3 атрымалі адміністрацыйныя спагнаньні.

Лёс яшчэ аднаго затрыманага, Ігара Грышанава, дагэтуль застаецца нявысьветленым. Грышанава прэвэнтыўна затрымалі раніцай 12 сакавіка яшчэ да пачатку акцыі. Напярэдадні яму тэлефанавалі міліцыянты з настойлівым патрабаваньнем тэрмінова, уначы, прывезьці ў РАУС дакумэнты, датычныя газавага каапэратыву ў вёсцы Стаўры, дзе Грышанаў быў старэйшынам. Як мяркуюць паплечнікі актывіста, яго, магчыма, вырашылі затрымаць на 72 гадзіны, пасьля чаго могуць распачаць крымінальную справу.

А 9:00, у час пачатку працы, у будынку суду сабралася каля 30-ці грамадзкіх актывістаў, журналістаў і сваякоў адміністрацыйна затрыманых. Неўзабаве колькасьць наведвальнікаў пераваліла за паўсотні чалавек.

Доўгі час немагчыма было даведацца ніякай інфармацыі пра маючыя адбыцца ў гэты дзень працэсы. Спачатку на стэндзе са сьпісам справаў, прызначаных да разгляду, не было зусім ніякай інфармацыі па адміністрацыйных справах. Затым супрацоўнікі суду вывесілі паперу пад прозьвішчам судзьдзі Іны Кохавай, што менавіта гэтая судзьдзя будзе разглядаць адміністрацыйныя справы, але без канкрэтыкі – без пазначэньня імёнаў, каго будуць судзіць, артыкулаў адміністрацыйнага кодэксу і часу пачатку судоў.

Першы суд распачаўся недзе апоўдні. Судзьдзя Іна Кохава разглядала справу Віктара Андрэева. Згодна з пратаколам аб правапарушэньні, складзеным міліцыянтамі, ён нібыта заклікаў удзельнікаў «Маршу недармаедаў» рушыць да выканкаму. Адзіным доказам, на падставе якога прымалася судовае рашэньне, быў відэаролік, зроблены падчас акцыі пратэсту. Сваёй віны актывіст не прызнаў. Аднак судзьдзя палічыла яго віну даказанай і прызначыла яму пакараньне ў выглядзе 13 сутак арышту.


Віктар Андрэеў
   

Адначасова з судом над Андрэевым у іншай залі праходзіў разгляд справы Віктара Міхасёва. Яго, як і Андрэева, абвінавацілі ў парушэньні часткі 1 артыкулу 23.34 (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Адзіным доказам тут таксама быў толькі відэаролік, і абвінавачаны ў правапарушэньні таксама сваёй віны не прызнаў. Рашэньне, прынятае судзьдзёй Алесей Драньковай, было больш мяккім: 30 базавых велічынь (690 рублёў) штрафу. 


Віктар Міхасёў
  

Пасьля першых двух судовых разглядаў адбыўся перапынак у канвэеры адміністрацыйных працэсаў: чакалі, як з ізалятара часовага ўтрыманьня прывязуць наступную партыю «правапарушальнікаў».

Наступным, каго даставілі ў залю судовых паседжаньняў з ІЧУ, быў Васіль Берасьнёў. Вядомага аршанскага праваабаронцу судзілі паводле часткі 2 вышэй згаданага артыкулу КаАП – гэтая частка прадугледжвае адказнасьць ня толькі за парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства, але таксама і за яго арганізацыю.


Васіль Берасьнёў   

Берасьнёў у судзе прызнаў сваю віну часткова: ён пацьвердзіў, што браў актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, але заявіў, што ня мае дачыненьня да яе арганізацыі. Галоўным арганізатарам вулічнай імпрэзы ён назваў Лукашэнку – менавіта яго кіраваньне краінай вывела людзей на пратэст. Невядома, што ўбачыў судзьдзя Ігар Палякоў у відэа, бо з прысутных у судовай залі толькі ён ды яшчэ абвінавачаны ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня маглі бачыць фільм на кампутары. Але ўбачаныя эпізоды, відаць, неяк пераканалі судзьдзю ў тым, што менавіта Берасьнёў – адзін з арганізатараў акцыі ў Воршы. Вэрдыкт: 14 сутак арышту.

Тым часам у судовым працэсе, што праходзіў паралельна, судзьдзя Мікалай Драгуноў прызнаў карэспандэнтку Радыё Свабода Галіну Абакунчык вінаватай ў парушэньні часткі 1 артыкулу 23.34 і прызначыла ёй штраф у памеры 25 базавых (575 рублёў). Па выхадзе з залі суду спадарыня Абакунчык заявіла, што лічыць, што яе пакаралі за выкананьне журналісцкіх абавязкаў, і сказала, што мае намер абскардзіць судовае рашэньне.


Галіна Абакунчык
    

Актывіста Андрэя Юркова судзіў таксама Мікалай Драгуноў. Рашэньне: двое сутак адміністрацыйнага арышту. Артыкул, на падставе якога Юркоў быў пакараны, усё той самы: 23:34, частка 1.


Андрэй Юркоў

Адзіным з прысутных на акцыі пратэсту ў Воршы, прыцягнутых 13 сакавіка да адміністрацыйнай адказнасьці, каго пакаралі не паводле 23.34, стала журналістка Кацярына Бахвалава. Яна вяла просты рэпартаж для тэлеканалу «Белсат» аж да самага моманту яе затрыманьня. Пастанова судзьдзі Іны Кохавай ў дачыненьні да яе – 30 базавых (690 рублёў), зь якіх 5 б.в. паводле артыкулу 23.4 (нібыта за непадпарадкаваньне супрацоўніку міліцыі), 25 б.в. – паводле артыкулу 22.9 (парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).


Кацярына Бахвалава

Падчас судовага паседжаньня Кацярыне Бахвалавай, якая да таго правяла суткі ў ІЧУ, стала кепска. Дык што судовы разбор давялося прыпыніць на некалькі хвілін. У адрозьненьне ад іншых працэсаў, тут рашэньне прымалася ня толькі на падставе відэа, а быў запрошаны сьведка, у якасьці якога выступіў супрацоўнік міліцыі, начальнік апэратыўна-дзяжурнай службы Павал Чарняўскі.

Калі ў вэстыбюлі суду нарэшце зьявіўся Павал Севярынец, прысутныя гучна віталі яго. Ахоўнікі-міліцыянты, што суправаджалі палітыка, борзда завялі яго ў залю суду і зачынілі перад народам дзьверы. Людзей, што сабраліся, такія дзеяньні праваахоўнікаў абурылі. Неўзабаве дзьверы расчыніліся, і ўсе ахвотныя змаглі трапіць унутр.


Павал Севярынец
   

Міліцыянты спрабавалі перашкодзіць людзям размаўляць са старшынём стваранай партыі БХД і рабіць фотаздымкі, але безвынікова. Пакуль не зьявілася судзьдзя, адбылася імправізаваная прэс-канфэрэнцыя. Прычым збольшага пытаньні задавалі не палітыку, а, наадварот, ён прысутным, каб даведацца, што адбылося ў краіне за суткі, што ён правёў пад вартай: колькі людзей і ў якіх гарадох удзельнічалі ў акцыях пратэсту, каго затрымалі, якія рашэньні судоў у дачыненьні да іх былі вынесеныя. Пачуўшы адказы на зададзеныя пытаньні, Павал падзяліўся з прысутнымі сваім бачаньнем сытуацыі ў краіне.

Судзьдзя Тацяна Рыбакова адхіліла хадайніцтва Паўла Севярынца аб адводзе яе як судзьдзі і аб тым, каб разгляд справы вёўся па-беларуску. Прычым тое, што працэс будзе па-расейску, і гэта яе прынцыповае рашэньне, спадарыня судзьдзя падкрэсьліла некалькі разоў: спачатку сама абвясьціла пра гэта яшчэ да якіх-кольвек прашэньняў з боку абвінавачанага ў правапарушэньні палітыка або яго адваката, пасьля – адказваючы на заяўленае хадайніцтва: маўляў, маю права весьці працэс на любой мове зь дзьвюх дзяржаўных на маё меркаваньне і з гэтага права карыстаюся. Такім чынам, «правы судзьдзі», высьветлілася, маюць вышэйшы прыярытэт перад правамі грамадзяніна, якога яна судзіла.

Затое, у адрозьненьне ад іншых, судзьдзя Рыбакова досыць лагодна паставілася да публікі ў залі суду (праўда, перад тым праявіла сваю «суворасьць» і паказальна выгнала аднаго з наведнікаў за тое, што ён падчас паседжаньня прамовіў услых нейкую фразу). Яна зладзіла кінапаказ для ўсіх, паставіўшы кампутар, на якім дэманстравалася відэа, як найбліжэй да людзей і разгарнуўшы манітор у бок залі. Першым у праграме быў працяглы запіс жывога этэру тэлеканалу «Белсат» пра акцыю ў Воршы. Многія ў залі пабачылі гэтыя кадры ўпершыню. Пасьля ішлі ролікі, зьнятыя апэратыўнымі супрацоўнікамі. Гэтыя ролікі (кароткія, але шматлікія) былі не такімі цікавымі, аднастайнымі. І ўрэшце надакучылі як усім ў залі, так і самой судзьдзі. Са згоды абвінавачанага ў зьдзяйсьненьні правапарушэньня і яго адваката кінапрагляд быў спынены.

Напрыканцы судзьдзя дала слова Паўлу (які нагадаў ёй, што Бог існуе, і за ўсе няправедныя дзеяньні давядзецца адказваць перад Ім) і адвакату – той казаў пра важнасьць Канстытуцыі, якая гарантуе грамадзянам свабоду мітынгаў, і міжнароднага права. Пасьля зачытала пастанову: 15 сутак паводле артыкулу 23.34, часткі 3 (дзеяньні, прадугледжаныя артыкулам, зьдзейсьненыя паўторна цягам аднаго году). На абвяшчэньне такой пастановы прысутныя адрэагавалі дружным «Ганьба!»

Судовае паседжаньне скончылася ўжо ўвечары, недзе а 18:10. Яно сталася апошнім ў гэты дзень у судзе Аршанскага раёну і гораду Воршы.

Кастусь Дзьвінскі