Падтрымаць Андрэя маральна ў міліцыю прыйшлі грамадзкія актывісты Полацкага рэгіёну. Супрацоўнікі праваахоўных органаў не заміналі грамадзкасьці прысутнічаць на разглядзе матэрыялаў абвінавачаньня.
У будынку гарадзкога аддзелу ўнутраных спраў Наваполацку, у габінэце на другім паверсе адміністрацыйны працэс вёў намесьнік начальніка ГАУС Уладзімер Быкаў. Андрэй адмовіўся прызнаць сваю віну, заявіўшы, што улётак на пад'ездах ён не расклейваў. Начальнік міліцыі адхіліў хадайніцтва Гайдукова запрасіць маёра міліцыі І.В. Галяковіча, які ў сваім рапарце сьцьвярджаў, што менавіта Андрэй расклейваў улёткі.
Начальнік міліцыі палічыў, што для доказу віны Андрэя дастаткова наяўнасьці рапарту міліцыянта зь неабгрунтаваным сьцьверджаньнем і фатаграфіі з інтэрнэту з расклеенымі улёткамі. Паводле артыкулу, які ўжываўся (ч.2 арт. 21.14 КаАП), прадугледжаны штраф да 25 базавых велічынь, але начальнік міліцыі абраў мінімальны памер – 2 базавыя велічыні.
Андрэй Гайдукоў ня лічыць сябе вінаватым, але яшчэ не вырашыў, ці будзе ён абскарджваць гэты навагодні падарунак ад міліцыі Наваполацкк. На абдумваньне далейшых дзеяньняў Андрэй мае дзесяць дзён. «Трэба параіцца з праваабаронцамі», – сказаў Андрэй.
Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна