Віцебскі абласны суд прызнаў Аляксея Жукоўскага вінаватым у атрыманьні буйных хабараў, злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і крадзяжы. Беларускі тэлеканал ОНТ паведамляе, што «былы кіраўнік яшчэ ў 2005 годзе стварыў злачынную групу. У яе ўваходзілі два змоўнікі зь ліку работнікаў заводу і камэрцыйны прадстаўнік замежнай кампаніі. Створаная група рэгулярна на працягу двух гадоў нібыта перамагала ў тэндэрах на пастаўку камплектовых вырабаў для тэлевізараў».

Судзьдзя Першамайскага райсуду Валянціна Кісьмярошкіна прызнала апазыцыянэра Пятра Іванова вінаватым у ілжэсьведчаньні на супрацоўніка міліцыі і ў непадпарадкаваньні міліцыянтам. Агульная сума двух штрафаў — 4 мільёны рублёў. У судзе згадалі інцыдэнт, які здарыўся ў Віцебску 16 лютага. Тады Пётар Іваноў стаў сьведкам затрыманьня актывістаў аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Аляксея Кішчука і Станіслава Лаўрэнава, якія выйшлі ў цэнтар Віцебску з расьцяжкай «Свабоду палітвязьням».

Рашэньне Першамайскага райсуду, якое спрабаваў абскардзіць віцебскі актывіст КХП БНФ, засталося безь зьменаў – Сяргей Каваленка мусіць выплаціць 1 мільён штрафу, прысуджанага яму за дробнае хуліганства. І падчас працэсу 26 сакавіка ў Першамайскім райсудзе Віцебску, і ў абласным судзе Каваленка спрабаваў давесьці сваю невінаватасьць. Але судзьдзя абласнога суду Ірына Смалякова падтрымала рашэньне судзьдзі Першамайскага райсуду Валянціны Кісьмярошкінай.

У Віцебскім абласным судзе 5 красавіка адбыўся разгляд скаргі актывіста партыі БНФ Леаніда Аўтухова на рашэньне судзьдзі Кастрычніцкага суду Віцебску Іны Грабоўскай аб пакараньні яго пяцьцю суткамі арышту. Як звычайна, разгляд скаргаў дэмакратычных актывістаў даручылі судзьдзю Віцебскага абласнога суду Ірыне Смаляковай. Гэтая служачая вядомая тым, што яшчэ ні разу ня вынесла рашэньня на карысьць актыўных грамадзян паводле іх шматлікіх скаргаў.

Канстытуцыйны суд ня стаў разглядаць пытаньне, пастаўленае перад ім віцебскім сябрам КХП-БНФ Янам Дзяржаўцавым. Апошні прасіў суд разабрацца з рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску». На думку палітыка, згаданае рашэньне мясцовых уладаў супярэчыць нормам Канстытуцыі, бо, фактычна, пазбаўляе грамадзян права на мірныя сходы.