16.05.2024 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, экстрэмізм Іван Краўцоў. Мінскі гарадскі суд 16 траўня ў фармаце спецыяльнай вытворчасці (завочна) працягвае разгляд крымінальнай справы выканаўчага сакратара Каардынацыйнай рады, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Разам” Івана Краўцова. Першае пасяджэнне адбылося 8 траўня. Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Спецыяльную вытворчасць у дачыненні да палітычнага актывіста Следчы камітэт распачаў 23 студзеня 2024 года.

Івана Краўцова абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 361-1 (“Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім”);
  • ч. 4 арт. 209 (“Махлярства);
  • ч. 1 арт. 357 (“Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады”);
  • ч. 3 арт.130  (“Распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы”)

Іван Краўцоў — беларускі палітычны актывіст, архітэктар, менеджар, выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі “Разам” і каманды кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі.

Івана Краўцова затрымалі  разам з Марыяй Калеснікавай, Антонам Раднянковым, Глебам Германам  Максімам Баграцовым 7 верасня 2020 года, а на другі дзень Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што Марыя Калеснікава, Іван Краўцоў і Максім Баграцоў напярэдадні ўвечары спрабавалі перасекчы мяжу Беларусі з Украінай. З паведамленняў стала зразумела, што Раднянкоў і Краўцоў перасеклі мяжу Украіны, відавочна, супраць сваёй волі, а Марыя Калеснікава была ўзятая пад варту памежнікамі. Яна парвала свой пашпарт на мяжы, каб яе не маглі выправадзіць за межы Беларусі.

Крыніца: У Мінску працягваецца завочны суд над палітычным актывістам Іванам Краўцовым