16.05.2024 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы, салідарнасць Асобы: Алесь БяляцкіАлесь Бяляцкі. Фота: @rightlivelihood На гадавым сходзе Нарвежскага ПЭНа 15 траўня у ганаровыя сябры арганізацыі ўрачыста прынялі зняволенага праваабаронцу і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.

З абгрунтаваннем прапановы выступіў Ёрген Фрыднес, генеральны сакратар Нарвежскага ПЭНа, які  таксама з'ўяляецца і старшынёй Нарвежскага Нобелеўскага камітэту, піша "Радыё Свабода".

На сходзе таксама паказалі фрагменты фільма “Беларусь: апошняя дыктатура ў Еўропе” пра Алеся Бяляцкага з серыі 6 стужак аб праваабаронцах “Сэрца, якое ніколі не памрэ” (рэжысэры Эрлінг Борген і Том Гайнэман). З падзячным словам на сходзе выступіла жонка Бяляцкага Наталля Пінчук.

Яна падзякавала творцам і нарвежскаму грамадству за разуменне і падтрымку свабодалюбных памкненняў беларусаў.

"Гэтую ўнутраную свабоду нясе ў сабе і Алесь, і ніякая турма і здзекі яго не зламаюць духоўна", — перакананая яна.

Наталля Пінчук расказала пра жыццёвы шлях Алеся Бяляцкага, які яшчэ ў пачатку 1980-х распаўсюджваў тэксты беларускіх пісьменнікаў і публіцыстаў, забароненыя ў СССР, і выпускаў з сябрамі ўласныя самвыдавецкія часопісы, а ў 1986 годзе, упершыню за пасляваенны час у савецкай Беларусі, кінуўшы выклік манаполіі камуністычнай улады, Алесь з аднадумцамі стварылі літаратурнае аб'яднанне "Тутэйшыя" дзеля свабоды беларускага мастацкага слова.

Яна расказала таксама пра палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку пісменьнікаў і журналістаў.

"Ня ведаю, калі ўдасца перадаць Алесю вестку пра гонар, які аказаў яму Нарвежскі ПЭН. Але яна засведчыць, што пра яго памятае супольнасць творцаў і ўвесь свабодны свет. Пакажа яна і ўладам, што ў свеце Беларусь не забытая, пра Бяляцкага памятае Нарвегія, на зямлі якой ён атрымаў годнасць Нобэлеўскага лаўрэата", — сказала Наталля Пінчук і запатрабавала вызвалення беларускіх палітычных вязняў без усякіх умоваў.

Крыніца: Нарвежскі ПЭН прыняў у ганаровыя сябры Алеся Бяляцкага