Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 05 Чэрвень 2026

Аршанцам зноў абяцаюць рэканструкцыю дзіцячага парка. Магчыма, і рамонт цэнтральнай плошчы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Справа ў тым, што абодва гэтыя аб’екты апошні раз былі добраўпарадкаваны яшчэ ў 2008 годзе. Тады ў Оршы праходзілі рэспубліканскія “Дажынкі”, да якіх капітальна адрамантавалі парк на беразе Дняпра і нават далі яму новую назву – «Сказочная страна». Тэрыторыю тады заклалі каляровай брукаванкай: яна стварала малюнак матылька, праўда, ацаніць гэтую задуму можна было хіба толькі з вышыні. А цяпер атракцыёны прыйшлі ў нягоднасць, лавачкі паламаныя, парк практычна не прыбіраецца.

На тое, што адпачынак з дзецьмі стаў не праста няякасны, але нават і небяспечны, гараджане ўжо даўно звярталі ўвагу мясцовых уладаў. Нагадаем, захаванне бяспекі грамадзян у публічнай прасторы — гэта базавы абавязак дзяржавы ў сферы аховы правоў чалавека, у прыватнасці, правоў дзіцяці на здаровае развіццё і адпачынак.

У маі 2025 года ад аршанскіх уладаў  прагучала доўгачаканае  абяцанне: па сканчэнні летняга сезону парк будзе зачынены, і ў ім распачнецца рэканструкцыя. У горадзе нават загаварылі пра тое, што сарвуцца святкаванні 95-годдзя пісьменніка-земляка Уладзіміра Карткевіча, помнік якому ўсталяваны якраз у гэтым парку, і каля яго праходзяць штогадовыя літаратурныя чытанні.

З гэтым помнікам, усталяваным у 1992-м годзе, ужо была сумная гісторыя. Паводле творчай задумы скульптара Ігара Голубева, помнік пісьменніку быў пастаўлены на тым месцы, дзе да вайны знаходзілася хата сям’і Караткевічаў. Але перад “Дажынкамі”  ў 2008 годзе мастацкую канцэпцыю палічылі неістотнай, і помнік проста перасунулі туды, дзе знайшлося месца.  А на яго ранейшым месцы паставілі грамадскую прыбіральню.

Дзе помнік пісьменніку-земляку можа апынуцца пасля чарговай рэканструкцыі, аршанцам не кажуць, і планамі яе не дзеляцца. Хаця ігнараванне меркавання жыхароў пры рэканструкцыі горада парушае права грамадзян на доступ да экалагічна і сацыяльна значнай інфармацыі, а таксама на ўдзел у прыняцці рашэнняў, якія непасрэдна ўплываюць на іх жыццё.

Але  - зноў гучаць абяцанні. І больш за тое: у  дзіцячы парк накіравалі журналістаў “Аршанскай газеты”, каб яны засведчылі адсутнасць парадку. Зрэшты, на гэта аршанцы і так даўно скардзяцца. Але ў мінулым годзе кіраўніцтву Аршаншчыны было больш важна ўсталяваць новы флагшток з дзяржаўным сцягам, чым патраціць бюджэтныя грошы на адпачынак для дзяцей.  

Паколькі галоўны ўваход у дзіцячы парк знаходзіцца якраз насупраць цэнтральнай плошчы з помнікам Леніну, то журналістам “раёнкі” давялося засведчыць неабходнасць рэканструкцыі і там. Праўда, такія абяцанні ад райвыканкама яшчэ не прагучалі.

Віктар Пятроўскі

Галерэя выяваў