Друкаваць гэтую старонку
Субота, 16 Май 2026

Галоўнай журналісцкай прэміяй уганаравалі асобу, якой не існуе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Журы сёлетняга конкурсу “Золотая литера» ў адкрытую пацвердзіла: дзяржпрапаганда не бянтэжыцца любой хлусні, калі гэта супадае з ідэалагічным вектарам. На гэтым здымку вы бачыце 5 чалавек – прадстаўнікоў розных рэдакцый віцебскіх дзяржвыданняў. Але ўзнагарод  атрымана 6, і гэтым шостым стаў нехта «палітолаг Вадзім Крылоў», чыім прозвішчам падпісаны матэрыялы праекта «Выводы делайте сами» у газеце «Витьбичи».

Мы ўжо даўно звярнулі ўвагу на тое, што такога палітолага не ведае нават Google. Але праект з «ягоным» удзелам існуе ў гарадской газеце  з верасня 2024г. і вылучаецца тэндэнцыйным пунктам погляду:  у самым негатыўным ключы  там пішацца пра жыццё ў заходніх краінах у параўнанні з шчаслівым і бязбедным жыццём у Беларусі, бо толькі тут ёсць адзін чалавек, які  «на самом деле радеет за интересы своего народа».

Пра “палітолага Вадзіма Крылова” няма ніякіх згадак: ні фотаздымкаў, ні біяграфіі, ні допісаў пра яго ў прафесійных супольнасцях, у рэгіянальнай або рэспубліканскай прэсе – апрача газеты «Витьбичи», адпаведны праект якой атрымаў узнагароду ў намінацыі “Лучший аналитический материал».

Да слова, яшчэ адна ўзнагарода дасталася адыёзнаму прапагандысту абласной газеты «Витебские вести» Святаславу Міхайлаву. Журы чакана адзначыла ягоны відэапраект  «Вести не молчат», дзе былы ідэолаг, а зараз загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела выдання, не шкадуючы абразаў, зневажае  ўрады і жыхароў заходніх краін, на ўсе лады кляне “беглых” – вымушаных палітэмігрантаў з Беларусі – і ўвогуле ўсіх, хто не згодны з афіцыйнай  палітыкай беларускіх уладаў.

Аляксандр Падзвінскі

Галерэя выяваў