Пятніца, 03 Май 2024

Глыбоцкага бодзібілдара і фітнес-трэнера Аляксандра Шарабайку зноў будуць судзіць

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Стала вядома, што палітвязня з Глыбокага зноў будуць судзіць 7 траўня. Акрамя яго па справе праходзяць яшчэ двое – Андрэй Стабулянец і Дзяніс Цыбульскі з Паставаў, якога год таму асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску (арт. 342 КК).

Іх абвінавачваюць паводле  арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Справу ў закрытым рэжыме ў Віцебскім абласным судзе будзе разглядаць суддзя Яўген Буруноў.

Нагадаем, Аляксандра Шарабайку затрымалі 13 сакавіка 2023 года ў Глыбокім. Спачатку суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч асудзіў Аляксандра Шарабайку на 10 сутак па ч. 1 артыкула 24.23 КаАП за каментары і лайкі ў інтэрнэце. А пасля 10 сутак адседкі ў Глыбоцкім ІЧУ з 24 на 25 сакавіка міліцыянты этапавалі яго ў Віцебскі СІЗА-2. Там яму і прад’явілі абвінавачванне па крымінальным артыкуле – частцы  1 артыкула 368 КаАП (абраза Аляксандра Лукашэнкі).

Пасля над глыбачанінам адбыўся суд у яго родным горадзе, судзіў яго зноў сумнавядомы суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч, які і прызначыў пакаранне Аляксандру ў выглядзе 1,5 года калоніі. Свой тэрмін палітвязень адбываў у Івацэвіцкай калоніі № 22.

Зінаіда Акунёва