Паводле сайта лепельскай раёнкі lepel-kraj.by, самым маштабным і значным мерапрыемствам стаў фестываль "ЛепельGO", які пачаўся позна вечарам 16 верасня на плошчы Свабоды і завяршыўся далёка за поўнач.
“І хаця фестываль быў заяўлены як моладзевы, усё ж яго ўдзельнікамі сталі гараджане і госці раёна ўсіх узростаў. У гэтую ноч колькасць людзей на плошчы вылічвалася сотнямі”, - піша мясцовая раёнка.
Толькі вось яна не адзначае, што дзеля стварэння масоўкі на гэтую імпрэзу ў добраахвотна-прымусовым парадку былі сагнаныя на свята працаўнікі культуры, сферы адукацыі, дзяржслужачыя, работнікі прадпрыемстваў. Ім давялося стаяць на плошчы і мерзнуць у чаканні так званага вялікага канцэрта. Бо афіцыйна старт мерапрыемства быў дадзены толькі а 20-й гадзіне.
І хоць лепельская раёнка піша, што святочны вечар быў цудоўны, жыхары Лепельшчыны танчылі ад душы, радаваліся святу і атрымлівалі сапраўднае задавальненне ад усяго, што адбываецца, але па тварах на фота таго ж выдання з гэтага дня бачна сапраўдная радасць лепяльчан.
Хоць, усё ж трэба зазначыць, што некаторая моладзь з шэрагу БРСМ ды іншыя жыхары Лепеля танчылі на дыскатэцы да апошняга, а яна скончылася а палове на другую ночы. Падчас фестывалю "ЛепельGO" у Лепелі выступалі шоу-балет "Феерыя", Вікторыя Паплеўчанкава, Уладзімір Аруцюнян і Марыя Бараноўская, Алег Арлоў і ды-джэй DG GENEVA.
Таксама мясцовыя ўлады зладзілі ў гэты дзень і феерверк.
Вось такі яшчэ адзін Дзень адзінства і згуртаванасці пад прыгонам і прыгнётам прайшоў у Беларусі, у невялікім гарадку Віцебскай вобласці – Лепелі.
Працуем па разнарадцы і адпачываем такім жа чынам.
Дзіна Кулеева