Навучанне на вайсковай кафедры рэгламентавана адмысловымі пастановамі і праграмамі, распрацаванымі Міністэрствам адукацыі РБ і Міністэрствам абароны РБ. Паводле гэтых дакументаў, да вуобы дапускаюцца студэнты ўсіх факультэтаў вочнай формы навучання – грамадзяне Рэспублікі Беларусь узростам ад 17 гадоў, годныя па стане здароўя для вайсковай службы. Заняткі будуць праводзіцца ў адмысловых памяшканнях вайсковай кафедры ПДУ і на тэрыторыі вызначаных вайсковых частак.
Як вядома, выпускнікі вайсковых кафедр у беларускіх ВНУ не падлягаюць прызыву на тэрміновую службу, атрымаўшы званне «лейтэнант запасу». Аднак па завяршэнні навучання іх могуць тройчы на год выклікаць на вайсковыя зборы. Вайсковыя кафедры ствараюць дзеля падрыхтоўкі кадраў і стварэння кадравага рэзерву для канкрэтнага рэгіёну (суадносна з прынцыпам тэрытарыяльнага камплектавання войскаў).
Са стварэннем вайсковай кафедры ў Полацкім універсітэце звязана і яшчэ адна з“ява: доўгачаканая рэстаўрацыя арыгінальнага будынка Дома афіцэраў, узведзенага ў Полацку ў 1939г. і адноўленага пасля Вялікай Айчыннай вайны. Доўгі час у ім мясціліся ўстановы культуры, але ўжо некалькі гадоў ён не выкарыстоўваўся і разбураўся. У 2021годзе былы Дом афіцэраў быў перададзены Полацкаму дзяржуніверсітэту. Будынак плануюць перарабіць у навучальны корпус, захаваўшы актавую залу для гарадскіх канцэртаў. Паводле планаў, тут будзе размешчана і вайсковая кафедра, але гэта справа вельмі далёкай перспектывы, бо канкрэтных тэрмінаў рэканструкцыі дагэтуль няма.
Міхась Хмара