Усе акцыі віцебскай апазыцыі, заплянаваныя на 27 ліпеня, забароненыя
Улады забаранілі ўсе масавыя мерапрыемствы апазыцыі, якія мусілі адбыцца ў Віцебску 27 ліпеня, у гадавіну прыняцьця Дэклярацыі пра незалежнасьць Беларусі. Прычына забароны - заяўнікі не выканалі рашэньня гарвыканкаму № 881 “Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску”.
Леанід Аўтухоў: Трэба вызначыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты
Напярэдадні 22-ай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, „Дыялёг” вырашыў даведацца, якія мерапрыемствы на гэты дзень плянуе абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў.
Апазыцыя плянуе адзначыць 27 ліпеня масавымі акцыямі
Актывісты апазыцыйных партыяў падалі ў раённыя адміністрацыі Віцебску заявы на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. У адміністрацыю Чыгуначнага раёну зьвярнуўся абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў, які заявіў пра правядзеньне мітынгу, прысьвечанага 22-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. А сябра КХП-БНФ Ян Дзяржаўцаў хоча зладзіць у Кастрычніцкім раёне пікет, мэта якога – давесьці да ведама грамадзян інфармацыю пра небясьпеку, якую нясе для незалежнасьці Беларусі разьмяшчэньне на тэрыторыі краіны расейскіх ваенных баз.
Саветам дэпутатаў і выканкамам ёсьць што хаваць ад БНФ?
Службоўцы віцебскага абл- і гарвыканкамаў, абласнога і гарадзкога саветаў дэпутатаў не задаволілі просьбу старшыні партыі БНФ вобласьці Леаніда Аўтухова аб тым, каб сябры партыі маглі прысутнічаць на паседжаньнях згаданых ворганаў улады. Прычына: маўляў, няма прававых падстаў для пастаяннага ўдзелу прадстаўніка партыі БНФ у паседжаньнях.
Віцебскі аблсуд: Дзьве скаргі палітыкаў - дзьве адмовы
Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў спрабаваў аспрэчыць рашэньне Кастрычніцкага райсуду, дзе яму прысудзілі штраф за несанкцыянаваны пікет у дзень угодкаў Чарнобыльскай трагедыі. Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў падаваў касацыйную скаргу на рашэньне таго ж суду: за распаўсюд партыйнага бюлетэню «Магістрат» яму прысудзілі штраф як парушальніку заканадаўства пра СМІ. Абедзьве касацыйныя скаргі адмовілася задаволіць судзьдзя Ірына Смалякова.
Адноўленая крымінальная справа па факце зьбіцьця віцебскага актывіста партыі БНФ
Па сканчэньні чатырох месяцаў з моманту ўзбуджэньня крымінальнай справы па факце зьбіцьця сябра партыі БНФ Аляксея Гудзіліна ён зьвярнуўся ў сьледчы камітэт, каб даведацца, як ідзе расьсьледаваньне справы. Высьветлілася: справу пасьпелі прыпыніць, прычым афіцыйна праінфармаваць пра гэта пацярпелага чамусьці не палічылі патрэбным. Затое літаральна на наступны дзень пасьля накіраваньня звароту ў СК была прынятая пастанова аб аднаўленьні справы, надоечы актывіст атрымаў адпаведнае паведамленьне.
Улады ня хочуць, каб Смаляны сталі турыстычнай «Мэкай»?
Старшыня Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леанід Аўтухоў атрымаў адказ на свой зварот на імя губэрнатара Аляксандра Косінца наконт захаваньня гісторыка-культурнай спадчыны ў мястэчку Смаляны пад Воршай. Як вынікае з адказу за подпісам намесьніка старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Цярэнцьева, з трох просьбаў, выказаных у звароце, улады вобласьці вырашылі задаволіць толькі адну.
Бээнэфаўцы добраўпарадкавалі пахаваньне ахвяр камунізму пад Віцебскам (відэа)
29 траўня віцебскія актывісты добраўпарадкавалі пахаваньне ахвяр сталінізму каля вёскі Паляі Віцебскага раёну. Тут у 1930-50-я гады адбываліся расстрэлы мірных грамадзян. Некалькі гадоў таму каля вёскі Паляі зьявіліся першыя крыжы, усталяваныя ў памяць пра бязьвінных ахвяраў. Некалькі разоў крыжы зьнішчалі, але зьяўляліся новыя. Цяпер мэмарыял, зроблены рукамі актывістаў, уяўляе сабой 5 драўляных і два зялезныя крыжы. Адзін з крыжоў вышынёй пад 6 мэтраў з надпісам «Ахвярам таталітарнага рэжыму».
Дырэктары школ і каледжаў Віцебску баяцца БНФ?
Абласны старшыня партыі БНФ Леанід Аўтухоў зьвярнуўся да кіраўнікоў навучальных установаў Віцебску з заявамі, у якіх прасіў даць магчымасьць інфармацыйна-прапагандысцкай групе партыі правесьці сустрэчы з работнікамі ўстановаў. Вынік чаканы: на ніводную з 54-х заяў не было атрымана станоўчага адказу. Але нечаканасьцю стала іншая акалічнасьць: высьветлілася, што працаўнікі на ніве асьветы дрэнна ведаюць законы.
Па 30 базавых велічыняў - за “парушэньне закону аб СМІ”
Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Віцебску Алена Протас, упершыню судзячы дэмакратычных актывістаў, прысудзіла 17 траўня сябрам партыі БНФ Леаніду Аўтухову і Кастусю Смолікаву па 30 базавых велічыняў (па 3 мільёны) штрафу на кожнага. Аднак найбольш прысутных на працэсе актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў уразіў не памер штрафаў, а тое, што судзьдзя практычна пазбавіла старшыню абласной суполкі партыі БНФ Леаніда Аўтухова магчымасьці ўдзельнічаць у судовым працэсе.