Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 17 Ліпень 2015

КДБ схіляе да супрацы незалежнага журналіста Зьмітра Лупача

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Глыбоцкі журналіст Зьміцер Лупач распавёў, што прадстаўнікі КДБ схілялі яго да супрацоўніцтва – каб ён паведамляў падрабязнасьці пра тутэйшых актывістаў, пра сустрэчы зь сябрамі грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і пра апазыцыйную актыўнасьць у рэгіёне.

Спачатку ён вырашыў проста ігнараваць прапановы, але яны паўтараліся. Тады Зьміцер вырашыў зьвярнуцца да журналістаў і праваабаронцаў. Ён распавёў, што меў некалькі сустрэч са спэцслужбамі – і менскімі, і глыбоцкімі.

Першая адбылася 25 чэрвеня ў фінансавай міліцыі. Журналіста не зьдзівіў выклік туды, бо напярэдадні ён меў праблемы з падатковай інспэкцыяй і заплаціў штраф. Між тым, як высьветлілася, выклік быў зьвязаны ня з гэтым. Яго сустрэлі мясцовыя прадстаўнікі КДБ і двое невядомых людзей, якія сказалі, што прыехалі зь Менску адмыслова дзеля сустрэчы зь ім. “Яны назвалі сябе, паказалі “чырвоныя кніжачкі”, але я ад нечаканасьці нічога не запомніў, – кажа Зьміцер Лупач. – Адзін зь іх пачаў распытваць мяне пра паездкі ва Ўкраіну, а таксама пра мае кантакты з замежнікамі”.

Адзін з  такіх “кантактаў” адбыўся ў чэрвені. Зьміцер сустракаўся з палякамі, якія прыяжджалі на Глыбоччыну, і пазьней на сайце “Эўрарадыё” і ў газэце “Вольнае Глыбокае” выйшаў артыкул “Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году”. Аповед пра гэта стаў нагодай для адміністрацыйнага працэсу. Зьмітра Лупача абвінавацілі ў супрацоўніцтве з замежнымі СМІ без акрэдытацыі – парушэньні артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Суд над незалежным журналістам быў прызначаны на 10 ліпеня, але дакумэнты адправілі на дапрацоўку ў міліцыю.

30 чэрвеня Зьмітра па тэлефоне выклікаў на сустрэчу супрацоўнік мясцовага КДБ. У часе размовы ён папярэдзіў жуналіста пра недапушчальнасьць супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК РБ) – даваньня замежнай дзяржаве непраўдзівых зьвестак пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае становішча грамадзян і г.д.

“Супрацоўнік КДБ сказаў, што ў іх ёсьць шмат доказаў майго супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, але яны ня будуць іх агучваць, калі я пагаджуся “дапамагчы”. Мне было прапанавана  інфармаваць “органы” - яны, маўляў, зацікаўленыя, “каб у рэгіёне ўсё было спакойна”. Прычым супрацоўнік КДБ зазначыў, што ў выпадку адмовы будуць праблемы ў маёй жонкі і дзяцей”.

Зьміцер меркаваў, што КДБ страціць для яго цікавасьць, калі не даваць ніякай інфармацыі. Між тым, 9 ліпеня той самы супрацоўнік патэлефанаваў і зноў прапанаваў сустрэцца. Зьміцер Лупач кажа, што катэгарычна адмовіўся быць “стукачом”, нягледзячы на пагрозы. І вырашыў распавесьці сваю гісторыю, каб папярэдзіць сяброў і калег, што яны таксама могуць трапіць у падобную сытуацыю.

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў