Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 21 Ліпень 2026

Па версіі “Аршанскай газеты”, падлеткі, якім мала заплацілі за працу ў лясгасе, няправільна зразумелі абяцанне вялікіх заробкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Некалькі дзён назад аршанскія школьнікі – як цяпер высветлілася, вучні СШ№3 імя Уладзіміра Караткевіча, - распавялі пра непрыемную для іх сітуацыю. Маўляў, Аршанскі лясгас, дзе яны працавалі падчас вакацый, абяцаў заробкі да 1 тысячы рублёў. Але на рукі ім выдалі па 100 з нечым, а камусьці і яшчэ меней. Калі гісторыя дайшла да незалежных СМІ, сваё “расследаванне” правяла  дзяржаўная раённая “Аршанская газета”. Інфармацыя пацвердзілася, але школьнікаў усё адно зрабілі "крайнімі".

Самае важнае:

- высветлілася, што школьнікі не хлусяць: заробкі выйшлі зусім малыя. Нехта атрымаў, да прыкладу, усяго 50 рублёў за 14 дзён працы;

у Аршанскім лясгасе пацвердзілі, што вялося пра магчымасць зарабіць “ад 20 да 1000 рублёў”. Але! Школьнікі тут працавалі ўпершыню, і паводле заканадаўства яны мелі скарочаны працоўны дзень (3 -3,5 гадзіны). Дагэтуль на праполку пасадак маладых ёлак дасылалі студэнтаў, вось яны працавалі поўны працоўны дзень і насамрэч зараблялі ад 500 да 1000 рублёў;

- дзяржвыданне прызнала, што гэта была цяжкая праца для падлеткаў: “Ребятам пришлось попотеть, физический труд требовал от них немалых стараний и усилий”. Толькі вось, маўляў, ніхто не абяцаў, што будзе лёгка: “Согласно договору подряда, который был заключен индивидуально с каждым обучающимся, норма 900 кв. м стоила 343 рубля 35 коп. С учетом налогов, страховых взносов ФЗН, 3 руб. 43 копейки, сумма, подлежащая выплате исполнителя, составляет 339,92 коп. за 900 кв.м.”

У выніку замест абяцаных 1000 рублёў на кожнага ўсе падлеткі разам (20 чалавек) зарабілі 2000 рублёў. Як падзялілі гэтую суму, засталося “за кадрам” . Аднак выснова адна: школьнікам толкам не патлумачылі, што гэта будзе праца за “капейкі”. І вельмі цешыць, што падлеткі не сталі маўчаць пра гэтую сітуацыю. А ўжо ці пойдуць яны ў лясгас працаваць на наступны год – ужо іншае пытанне.

Вольга Машко