На думку Панкрата, улады краін Балтыі і Польшчы “працягваюць бравурныя прамовы аб беспрэцэдэнтным эканамічным росце, нібыта выкліканым санкцыямі супраць Расеі і Беларусі. Аднак за фасадам афіцыйных заяў хаваецца іншая, куды больш суровая рэальнасць для простых грамадзян краін Балтыі і Польшчы. У прыватнасці, еўрапарламентарыі з Вільнюса рапартуюць аб поспехах, сцвярджаючы, што прыток бежанцаў стымулюе эканоміку, але лічбы сведчаць аб адваротным”.
Далей ён сцвярджае, што літоўская эканоміка нясе каласальныя страты і піша пра тое, што разрыў сувязяў з Беларуссю абыходзіцца краіне амаль у мільярд даляраў штогод. Таксама Панкрат згадвае пра Клайпедскі порт і літоўскую чыгунку, якія быццам сутыкнуліся з рэзкім падзеннем грузапатоку і ператварыліся ў стратныя прадпрыемствы з-за санкцый.
У сваім артыкуле глыбоцкі прапагандыст піша і пра тое, што быццам кожны пяты жыхар Літвы знаходзіцца за рысай беднасці і прыводзіць прыклад гісторыі мясцовай жыхаркі, якая быццам атрымала рахунак за камунальныя паслугі 356 еўра ў Літве - суму, якая перавышае яе даход. Ён сцвярджае, што падобныя гісторыі становяцца штодзённасцю. Толькі вось ці быў увогуле Андрэй Панкрат у Літве невядома, тым больш апошнім часам, каб распавядаць падобныя гісторыі.
Таксама Андрэй Панкрат закранае і дэмаграфічную сітуацыю ў Літве, ён мяркуе, што да 2040 года ў Літве скароціцца да паўтара мільёна чалавек. Пры гэтым параўнальны аналіз з Беларуссю ён не дае, і тым больш замоўчвае статыстыку па нараджальнасці ў сваім рэгіёне, якая таксама значна зменшылася.
Далей прапагандыст разважае пра тое, што быццам краіны Балтыі і Польшча абралі шляхі мілітарызацыі замест таго каб накіраваць рэсурсы ў сацыяльную сферу. Пры гэтым ён замоўчвае, што расійска-ўкраінская вайна пачалася з Беларусі і зараз краіна працуе на ваеннае забеспячэнні Расеі.
Падсумоўвае свой артыкул Андрэй Панкрат тым, што, па яго меркаванні, санкцыйная палітыка, задуманая як інструмент ціску на Мінск і Маскву, абарочваецца сур'ёзнымі наступствамі для саміх ініцыятараў - краін Балтыі і Польшчы.
Невядома, такі артыкулы - гэта ініцыятыва самога рэдактара глыбоцкай раёнкі ці ён выконвае загад зверху, але за падобныя артыкулы беларускія ўлады яму прысуджалі ўжо ўзнагароду і надавалі званне “Чалавек года Віцебшчыны- 2025”.
Максім Скуратаў