Друкаваць гэтую старонку
Серада, 11 Люты 2026

У Віцебску “падвояць” лядовы палац

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Да наяўнага Палаца спорта, адчыненага ў 1999 годзе,  прыбудуюць у паўтары разы большую па плошчы  "Витебск-арену", дзе ўласна лядовая арэна разлічана на 4,2 тысячы гледачоў ( тая, што ёсць у “старым” будынку, змяшчае 1900 гледачоў). Колькі новы гмах будзе каштаваць бюджэту, гараджанам не кажуць. Віцябляне адзначаюць, што цяпер у горадзе побач апынуліся ажно тры “знакавыя” аб’екты сучаснасці: Плошча герба і сцяга і адразу два лядовыя палацы.

Паводле апісання праекта "Витебск-арены", там запланаваны фудкорт, кавярня на 75 месцаў, спортзалы, канферэнц-зал, крама, а таксама аўтастаянка на амаль 400 месцаў і дзевяціярусны паркінг на 432  аўто. Цікава, што ўласна лядовая пляцоўка будзе меншай, чым у “старым” будынку: там яе параметры 61 на 30 м, а памеры запраектаванай -  60 на 26 м. Мяркуецца, што там будуць праводзіць спаборніцтвы па лядовых відах спорта, масавыя катанні і канцэрты – практычна ўсё тое самае, што зараз праводзяць у наяўным Палацы спорту.

Грамадскае абмеркаванне будучага будаўніцтва афіцыйна завершана. Яго вынікі пакуль не апублікаваныя, хаця ранейшы досвед падобных абмеркаванняў паказвае, што меркаванні гараджан застаюцца па-за ўвагай адказных чыноўнікаў...

Што думаюць пра новы аб’ект жыхары Віцебска, можна даведацца з каментароў у сацыяльных сетках. Дарэчы, ухвальных знайсці амаль не ўдалося.

- Я не разумею, што за канцэрты і шоў там будуць праводзіць круглы год? Каму патрэбны канферэнц-зал? А масавыя катанні на каньках? Жыхарам катастрафічна бракуе каткоў?

- Там жа напісана: дзевяціярусны паркінг. Залатая зямля пры наяўнасці аграменных спальных раёнаў без месцаў для паркоўкі. Ніякай другой лядовай арэны там не будзе , проста велізарная паркоўка.

- У бюджэце лішнія грошы з’явіліся. Вось і не ведаюць, куды выкінуць. На добраўпарадкаванне двароў і гарбатых тратуараў няма, а на паказуху знаходзяць.

- У сувязі, ак адзначана на самым версе, з глыбокім правалам эканомікі вобласці ніхто не дазволіць укладаць мізерныя сродкі ў падобныя цуд-пражэкты.

З апошнім меркаваннем можна паспрачацца: падобны досвед ужо ёсць. Нягледзячы на правальны эканамічны стан, у Віцебску і Оршы  збудавалі плошчы дзяржаўнай сімволікі з флагштокамі. Пры гэтым аршанская Плошча герба і сцяга каштавала больш за 2 мільёна рублёў, а суму выдаткаў на віцебскую так афіцыйна  і не назвалі.  Але толькі светладыёдныя экраны для яе  каштавалі 1 125 069,43 рублёў.

Колькі будзе каштаваць "Витебск-арена", жыхарам Віцебска таксама не кажуць.

Аліна Пятрова