Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 22 Студзень 2026

TikTok – акаўнт Вольгі Карач прызнаны “экстрэмісцкім”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адпаведнае рашэнне 19 студзеня прыняў суд Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. 21 студзеня гэты інтэрнэт-рэсурс уключылі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Вольга Карач – ураджэнка Віцебска, тут яна пачынала сваю палітычную дзейнасць: у студэнцкія гады стварыла моладзевую ініцыятыву “Седьмая грань”, у 2002 годзе – грамадскую кампанію “Наш дом”. Спачатку яна займалася вырашэннем камунальных праблем праз асвету мясцовых жыхароў, якім дапамагалі складаць скаргі ў адпаведныя інстанцыі. Пазней кампанія распаўсюдзілася  за межы Віцебскай вобласці і пачала займацца больш шырокім колам праблем. Цяпер гэта Міжнародны цэнтр грамадскіх ініцыятыў “Наш дом”, дырэктаркай якога і з’яўляецца Вольга Карач. “Палітык, журналіст, грамадскі дзеяч, праваабаронца”, - так яна прэзентуе сябе зараз.

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў Вольга Карач жыве ў эміграцыі. У 2021 годзе КДБ уключыў Вольгу Карач у так званы “спіс тэрарыстаў”. У 2022 годзе ініцыятыва “Наш дом” рашэннем МУС была прызнана “экстрэмісцкім фармаваннем”. На працягу 2021-22 гадоў “экстрэмісцкімі” былі прызнаны YouTube- і Telegram-каналы Вольгі Карач, а таксама ініцыятывы “Наш дом”.

У ліпені 2024 года у парадку спецвытворчасці Вольгу Карач завочна асудзілі да 12 гадоў зняволення і штрафа памерам 15 тысяч базавых велічыняў (на той час 600 тыс. рублёў). Брэсцкі абласны суд прыхнаў яе вінаватай ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні  «Форум дэмакратычных сіл Беларусі» і дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.

Таццяна Сушкіна