Наўрад ці жыхароў Гаршчэўшчыны ўдалося пераканаць у тым, што перспектыва вызіць малых за 18 км у школьны будынак у суседніх Абольцах - гэта сапраўды найлепшы варыянт. Нядаўна са сваёй праблемай вяскоўцы спрабавалі прабіцца на прыём да дэпутатаў. Аднак, паводле інфармацыі рэсурса @viciebsk.live, іх нават не прынялі. Сакратар Старшыні Палаты прадстаўнікоў Ігара Сяргеенкі сказала, што прыёму не будзе, а памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Бабічава заявіў, каб нават не прыязджалі - усё роўна Бабічаў ім нічым не дапаможа.
У відэароліку, які цяпер недасяжны праз персанальны акаўнт, гаварылася пра тое, што садок у Гаршчэўшчыне - гэта двухпавярховы цагляны будынак, дзе ёсць і прасторныя гульнявыя пакоі, і спартовая, і актавая залы. Але дзяцей пераводзяць у школу ў Абольцах, дзе для дашкольнікаў выдзелена ўсяго два пакоі. Пры гэтым у саміх Абольцах - усяго трое дзяцей дашкольнага ўзросту. А пераводзіць туды збіраюцца 11 маленькіх жыхароў Гаршчэўшчыны.Бацькі занепакоены тым, што маленькія дзеці ў мароз і завіруху павінны чакаць аўтобус, які яшчэ невядома, прыйдзе ці не, а потым 18 кіламетраў трэсціся ў адзін бок, таму што дарога не заасфальтаваная.
У адказ раённая газета “Голас Талачыншчыны” заявіла, што вазіць дзяцей у суседнія населеныя пункты - гэта нармальная і шмат дзе распаўсюджаная практыка. І што раённыя ўлады вырашылі закрыць дзіцячы садок у Гаршчэўшчыне, каб не ўкладваць сродкі ў яго бягучы рамонт. Маўляў, гэта нерэнтабельна.
Міхаіл Бягун