Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Люты 2017

Чэскі пісьменьнік Яхім Топал прэзэнтаваў віцебчукам сваю кнігу «Цэх дʼябла»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Яхім Топал, Сяргей Сматрычэнка Яхім Топал, Сяргей Сматрычэнка

Кніга ў перакладзе на беларускую выйшла ў літаратурнай сэрыі «Чэская калекцыя». Прэзэнтацыя адбылася на творчай пляцоўцы арт-пабу «Торвальд».

Паводле словаў перакладчыка і куратара сэрыі «Чэская калекцыя» Сяргея Сматрычэнкі, які выступаў на сустрэчы ў ролі мадэратара, цяперашняя імпрэза ў Віцебску стала першай сярод сустрэч з чэскімі пісьменьнікамі па-за межамі Менску.

У якасьці гаспадара вітальнае слова казаў Уладзімер Булаўскі. Ён адзначыў, што прымаць у Віцебску пісьменьніка з Чэхіі ў 500-гадовы юбілей скарынаўскай Бібліі, якая зьявілася ў тым ліку і дзякуючы набыткам чэскай культуры, досыць сымбалічна.

Далей слова ўзяў прадстаўнік чэскай амбасады Павал Бучак, які прамаўляў украінскаю моваю. Дыплямат адзначыў, што Яхім Топал – вядомы ў Чэхіі пісьменьнік, да таго ж вельмі пазытыўны чалавек з вельмі вядомай сям'і літаратараў, і таму выказаў спадзеў, што сустрэча спадабаецца.

Раман Яхіма Топала яшчэ пахне друкарскай фарбай, і ўсяго некалькі дзён таму ён упершыню быў прадстаўлены на кніжнай выставе ў Менску. «Цэх д'ябла» – гэта другі твор аўтара, які выйшаў ў перакладзе на беларускую. Першы надрукавалі яшчэ ў 2008 годзе ў аднайменнай кнізе «Анёл», якую ўкладальнікі жартам называюць «Тры Топалы на Плюшчысе» і ў якой сабраныя творы трох Топалаў: бацькі Ёзафа і дваіх яго сыноў  – Яхіма і Філіпа.

Тады ў лютым 2008 году Яхім упершыню прыляцеў у Беларусь на прэзэнтацыю кнігі «Анёл» і, пабыўшы тут два дні, пабачыў і перажыў столькі ўсяго, што перажытае і пабачанае натхніла яго на новы твор, раман «Цэх д'ябла». Таму падзеі гэтай кнігі адбываюцца ў тым ліку і ў краіне пад назвай Беларусь, у Менску і яго ваколіцах.

Кажа Яхім Топал:

– Калі беларускі чытач прачытае гэту кнігу, ён скажа: «Але якая ж гэта Беларусь?» Таму я кажу, што гэта кніга-фантазія, альбо фантасмагорыя. Жывучы ў Чэхіі, я заўжды пытаюся ў сябе, дзе ж я, уласна, жыву. І трэба адзначыць, што да 26-ці гадоў я жыў у вялікай савецкай імпэрыі. Мне падаецца, што ў сувязі з неспрыяльнымі гістарычнымі абставінамі чэхі, як народ, набылі комплекс ахвяры. Калі ж я ўпершыню прыехаў у Беларусь, беларусы падаліся мне вельмі спакойнымі. Тады ўпершыню я патрапіў у музэй Вялікай Айчыннай вайны, і там на мяне наваліўся адзін шок за другім: калі ў Чэхіі і Славаччыне загінулі тысячы, то тут – мільёны. А пасьля былі Курапаты і была Хатынь. Можаце ўявіць, што за два дні адбылося ў маёй сьвядомасьці. Я зразумеў, што мы адно пра аднаго нічога ня ведаем. Да таго ж вялікае ўражаньне на мяне зрабіла тады кніга «Я з вогненнай вёскі».

У кнізе Топала пераасэнсоўваецца жудасная таталітарная мінуўшчына. Але каб зацяніць жудасьці, у якасьці галоўнага пэрсанажу ўведзены герой, які ніколі ў жыцьці ня быў у піўнусе, ня піў піва і які на працягу невялікага раману тройчы закахаўся ў трох розных жанчын, што можна ўспрымаць як love story. Галоўны герой кнігі нарадзіўся і ўсё жыцьцё пражыў у горадзе-фартэцыі Тэрэзін, дзе ў вайну быў зборны лягер для габрэяў, адкуль людзей пасылалі далей у розныя канцэнтрацыйныя лягеры Эўропы, перадусім ў Асьвенцім, але і ў Менск таксама. Дзея рамана адбываецца пасьля вайны.

Кожная краіна мае свае адметнасьці, кожнай ёсьць, што прапанаваць сьвету. І найперш  гэта архітэктура. Але калі архітэктура эўрапейскіх краінаў за вайну амаль не пацярпела, то што прапанаваць сьвету Беларусі? Парк скуралупскага пэрыяду? Скансэн таталітарызму? Мяхі костак? Бочкі крыві? Шмат у чым гэта фантасмагарычная кніга, але ў яе ўплятаюцца абсалютна рэальныя рэчы.

Будзем спадзявацца, што гэткія сустрэчы дапамогуць чэхам і беларусам глыбей зразумець адно аднаго.

Дарэчы, адзначу, што ў гэты дзень з чэскага ў арт-пабе было толькі піва «Bernard».

С. Горкі