Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 18 Чэрвень 2018

Грамадзкае абмеркаваньне будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС скончылася – ніводнага водгуку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Фота: vitebsk.energo.by Фота: vitebsk.energo.by

Грамадзкія абмеркаваньні справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС праходзілі ў трох раёнах вобласьці – Віцебскім, Шумілінскім і Бешанковіцкім. У Віцебскім раёне абмеркаваньне доўжыліся ад 5 траўня да 3 чэрвеня. Арганізатары не атрымалі за месяц аніводнага водгуку ад насельніцтва.

Заяваў наконт правядзеньня грамадзкіх сходаў таксама ніхто не падаваў.

“Ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны, цягам 10 працоўных дзён ад моманту публікацыі паведамленьня аб грамадзкім абмеркаваньні, заяваў ад грамадзкасьці аб неабходнасьці правядзеньня сходу па абмеркаваньні справаздачы аб АУНА ў Віцебскі райвыканкам не паступала”, – гаворыцца ў пратаколе грамадзкіх абмеркаваньняў, апублікаваным нядаўна на сайце райвыканкаму.

Заўвагі адсутнічаюць

Такім чынам, камісія па падрыхтоўцы і правядзеньні грамадзкіх абмеркаваньняў, якую ўзначальваў намесьнік старшыні Віцебскага райвыканкаму Аляксей Героеў, палічыла, што грамадзкія абмеркаваньні адбыліся.  

Паводле пратаколу, “працэдура грамадзкіх абмеркаваньняў была праведзеная згодна з патрабаваньнямі разьдзелу 5 “Палажэньня аб парадку арганізацыі і правядзеньня грамадзкіх абмеркаваньняў праектаў экалягічна значных рашэньняў, справаздач аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе…”, зацьверджанага пастановай Савету Міністраў ад 14.06.2016 году №458”.

У зводцы водгукаў, пытаньняў, заўваг і прапаноў паўсюль стаіць пазнака “адсутнічаюць”.

“Лічыць не датычнымі аб’екта абмеркаваньня…”

Што тычыцца абмеркаваньняў у другіх раёнах, то, па стане на 18 чэрвеня, на сайце Бешанковіцкага райвыканкаму пратакол грамадзкіх абмеркаваньняў быў пакуль не апублікаваны. Але азнаёміцца з матэрыяламі справаздачы (кніга-І і кніга-ІІ) ў рэжыме анлайн можна было менавіта тут.

Між тым, на сайце прадпрыемства “Віцебскэнэрга” (заказчык будаўніцтва) справаздача так і не зьявілася, хоць менавіта гэтая пляцоўка анансавалася ў паведамленьні аб правядзеньні абмеркаваньняў.

У Шумілінскім раёне грамадзкае абмеркаваньне праекту праходзіла раней – ад 24 красавіка 2018 году. Зводка водгукаў таксама пустая. “Усе пытаньні, заўвагі і прапановы, атрыманыя падчас правядзеньня грамадзкіх абмеркаваньняў лічыць не датычнымі аб’екту абмеркаваньня і не ўключаць у зводку водгукаў, прыкладзеную да пратаколу”, – вырашылі сябры камісіі.

Значыцца, заўвагі і прапановы ўсё ж былі, але іх палічылі ня вартымі ўвагі.

Эколягі не рэагуюць

Не адрэагавалі на публікацыю справаздачы аб узьдзеяньні будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС на навакольнае асяродзьдзе і эколягі, хаця аўтары справаздачы вызначылі ўзьдзеяньне будаўніцтва як “узьдзеяньне высокай значнасьці”.

У выніковай частцы справаздачы гаворыцца, што “ў працэсе будаўніцтва і функцыянаваньня Бешанковіцкай ГЭС магчымы пэўны прэсінг на існыя прыродна-тэрытарыяльныя комплексы”.

Вытрымка са стар. 187 другой часткі справаздачы

Гэтак, праз будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС у зону затапленьня патрапіць 223,65 га ляснога фонду. А значыцца, загіне 176,79 га пакрытых лесам зямель, у тым ліку 11,17 га (6,32%) асабліва каштоўных расьлінных згуртаваньняў, гаворыцца ў справаздачы.

Што трэба ведаць пра будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС

  • Будаўніцтва плянуюць пачаць у 2019-м годзе, скончыць – у 2024-м.
  • Меркаваны тэрмін эксплёатацыі ГЭС – 75 гадоў.
  • Меркаваная магутнасьць станцыі - 25-30 мВт. Яна будзе магутнейшая за Полацкую (21,75 МВт), але слабейшая за Віцебскую ГЭС (40 МВт).
  • Гідравузел плошчай 10,5 га пабудуюць у раёне вёскі Мількавічы, вадасховішча зойме 1 тыс. 696 га.
  • Паводле інвэстыцыйнага праекту, распрацаванага ў 2016 годзе, прыблізны кошт будаўніцтва – 186 млн. даляраў.

Полацкая ГЭС. Бешанковіцкая будзе яшчэ больш магутнай. Фота: vitebsk.energo.by

Зьміцер Міраш