Рашэнне пра скасаванне фестывалю прыняў Браслаўскі райвыканкам. У ім асаобна падкрэсліваецца, што яно ўзгоднена з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам, Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і Навукова-даследчай установай культуры «Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў». Гэта тая самая ўстанова, адкуль у пачатку 2024 года звольнілі адразу 7 чалавек - пасля таго, іх пакаралі ў адміністратыўным парадку за падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі»
Раённыя ўлады і афіцыйныя СМІ неаднаразова падкрэслівалі, што свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» даўно стала брэндам раёна, што яго ведаюць далёка за межамі Браслаўшчыны, і прыняць удзел у ім — гонар для творчых калектываў. Але цяпер замежныя госці з “недружалюбных” краін сталі непажаданымі...
Але на сайце Браслаўскага райвыканкама ўсё яшчэ ёсць абвестка пра тое, што сёлета фестываль "Браслаўскія зарніцы" пройдзе з 22 па 24 траўня. Размешчана там у рашэнне мясцовых уладаў ад 1 снежня мінулага года пра арганізацыю свята і склад аргкамітэту, у якім згаданы старшыня Віцебскага аблсавета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, прадстаўнікі Міністэрства культуры і ўжо былы старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка, пасаду якога літаральна днямі перадалі ягонай былой намесніцы Алене Бабінскай.
Сёлета ўлады Віцебшчыны паспрыялі знікненню яшчэ некалькіх культурніцкіх падзеяў: у лютым Віцебскі аблвыканкам адмяніў уласныя рашэнні пра заснаванне прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі.
Антон Сакалоў