Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 17 Люты 2026

"Экстрэмісцкіх" інфармацыйных матэрыялаў усё болей

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пракуратуры спаборнічаюць у тым, каб знайсці паболей "экстрэмісцкіх" рэсурсаў у інтэрнэце. Суды безадмоўна прымаюць адпаведныя рашэнні. Нават у тых выпадках, калі інтэрнэт-рэсурсы  тэрытарыяльна не маюць дачынення да рэгіёна, у якім знаходзіцца пракуратура ці суд. Прыклад таму - апошнія папаўненні Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, у які трапіў акаўнт экс-палітзняволенай аршанкі ў  TikTok і Telegram-канал "Беларуская афiша" пра культурніцкія падзеі ў Вільні.

Пракуратура і суд у Браславе прадэманстравалі сваё незадавальненне тым, што беларусы ў Літве застаюцца беларусамі. Паводле рашэння суда Браслаўскага раёна ад 12 лютага ў "экстрэмісцкі" спіс на сайце Мінстэрства інфармацыі  ўключылі Telegram-канал "Беларуская афiша", які мае 1279 падпісчыкаў. На ім  размяшчаюцца анонсы кульурніцкіх падзей ў Вільні, якія ладзяцца з удзелам беларусаў і для беларусаў.

«Экстрэмісцкім» абвясцілі акаўнт экс-палітзняволенай Наталлі Кукішавай у TikTok. Адпаведнае рашэнне 9 лютага прыняў суд Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці. 17 лютага акаўнт Natalia быў уключаны ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Наталля Кукішава - ураджэнка Аршаншчыны, яна працавала фельчарам стаматалагічнага аддзялення паліклінікі № 2 Оршы.  У 2021 г. жанчыну затрымалі па падазрэнні ў абразе дзяржаўнага служачага ў каментарах, пакінутых у сацсетках. Крымінальны пераслед тычыўся “справы Зельцэра” – інцыдэнта, калі ў верасні 2021 года ў кватэру ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра ламіліся сілавікі, і падчас перастрэлкі загінуў гаспадар і адзін з супрацоўнікаў КДБ.  Але пасля некалькіх месяцаў знаходжання ў СІЗА абвінавачанне Наталлі Кукішавай змянілі. У жніўні 2022 г. суд Оршы і Аршанскага раёна пакараў жанчыну 2-ма гадамі калоніі за абразу Лукашэнкі. Яна адбыла гэты тэрмін "ад званка да званка", а пазней з'ехала ў ЗША.

Там яна і завяла акаўнт у TikTok, на якім разважае пра сучасную палітыку Беларусі, распавядае пра жахлівыя ўмовы ўтрымання ў жаночай калоніі. Адзін з апошніх ролікаў прысвечаны  абвяшчэнню 2026-га года “Годам жанчыны” у той час, як у беларускіх турмах зняволеныя жанчыны ўсіх узростаў мусяць трываць сапраўдныя здзекі.

Алег Ванееў