Судовы працэс над Анджэем Юхневічам працягваўся каля 4 месяцаў: са снежня 2024 года па 30 красавіка гэтага – якраз тады прыгучаў прысуд Шумілінскага раённага суда. Працэс адбываўся ў закрытым рэжыме. Таму пра сутнасці абвінавачанняў, высунутых супраць Анджэя Юхневіча, нічога не вядома. Адзіная інфармацыя ад вернікаў - пра тое, што у справе святара гаворка ідзе пра падзеі больш як 10-гадовай даўніны, і што справа збудаваная на сумніўных паказаннях.
Пазней святар спрабаваў абскардзіць вырак у Віцебскім абласным судзе, але безвынікова.
У няволі ксёндз Анджэй Юхневіч правёў больш за паўтара гады. Ён быў затрыманы ў Шуміліне 8 мая 2024 года разам з другім шумілінскім ксяндзом, Паўлам Лемехам. Затрыманне ксяндзоў адбылося ў Шуміліне пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў у шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай, абодвух спачатку асудзілі па “палітычным” адміністрацыйным артыкуле за “пікетаванне ў сацсетках”. Адбыўшы прысуджаны арышт, ксёндз Павел Лемех выйшаў на волю. Ксяндза Анджэя Юхневіча судзілі па палітычна матываваных адміністрацыйных артыкулах яшчэ двойчы , у тым ліку «за пікетаванне ў інтэрнэце». Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала святара палітычным зняволеным.
Прысуджанае пакаранне святар адбываў у бабруйскай папраўчай калоніі.
20 лістапада на волю па памілаванні выйшаў і яшчэ адзін каталіцкі святар, Генрых Акалатовіч, асуджаны да 11 гадоў зняволення за "шпіянаж на карысць Польшчы і Ватыкана". Пра памілаванне ксяндзоў паведамілі дзяржаўныя СМІ. Прычым было зазначана, што яны абодва " совершили тяжкие преступления против государства". И што вызваленне адбылося "с учетом интенсификации контактов с Ватиканом, а также принципов доброй воли, милосердия и объявленного в Римско-католической церкви Юбилейного года христианства".
Што маецца на ўвазе пад “цяжкімі злачынствамі супраць дзяржавы”, калі вядзецца пра Анджэя Юхневіча – не зразумела.
Ларыса Горына