Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 08 Красавік 2025

У адстаўку адправілі адыёзную наваполацкую суддзю Зінаіду Балаболаву

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Яна шмат гадоў выдавала палітычна матываваныя прысуды ў гарадскім судзе Наваполацка і была “лідаркай” у гэтый “справе” на Віцебшчыне. Беларускія праваабаронцы ўключылі яе ў ТОП-7 суддзяў, якія разгледзелі найбольшую колькасць палітычны матываваных адміністрацыйных справаў у 2024 годзе. Але палёгкі няма: у віцебскі суд Чыгуначнага раёна  з суда Полацкага раёна і г.Полацка пераведзены суддзя Андрэй Дзергачоў, які таксама адзначыўся вялікай колькасцю палітычна матываваных выракаў.

Зінаіда Балаболава адпрацавала ў судзе Наваполацка больш за 15 гадоў - з 2008 году. Цяпер жанчыне 58 гадоў, і яна , найверагодней, пойдзе на пенсію.

Её давяралі разглядаць выключна адміністрацыйныя справы - палітычных “крыміналак” на  рахунку Балаболавай няма. Але колькі "сутак" і штрафаў яна прысудзіла актывістам і незалежным журналістам, нават цяжка палічыць. Колькасць  "сутак" сягае за некалькі соцень, бо лічба,  меншая за 15 , у рашэннях Балаболавай  практычна ніколі не гучала.

Па інфармацыі  “Нашай Нівы”, муж Зінаіды Балаболавай меў судзімасць па крымінальнай справе за махінацыі з дакументамі. А яе дачка таксама працуе ў рэпрэсіўнай сістэме: у якасці памочніка пракурора Вольга Балаболава падтрымала абвінавачанне  супраць жыхара Віцебска, асуджанага на паўтара гады “хіміі” за “абразу прадстаўніка ўлады”.

Зінаіду Балаболаву ўключылі ў санкцыйныя спісы Еўразвязу і Канады.

У адстаўку суддзя адпраўлена згодна з Указам Аляксандра Лукашэнкі №142 ад 7 красавіка 2025 г.

Разам з Зінаідай Балаболавай  паводле таго самага Указа ў адстаўку пайшлі
- суддзя суда Шумілінскага раёна Алена Сініцкая. Яна таксама выносіла   палітычна матываваныя прысуды.
-суддзя Віцебскага абласнога суда Людміла Ларына.

Больш не працягне судовую кар’еру і Алеся Жарыкава - суддзя  суда Кастрычніцкага раёна Віцебска. Яна “вызвалена з пасады ў сувязі са сканчэннем паўнамоцтваў”. Гэтая суддзя была задзейнічана ў судовых працэсах супраць удзельнікаў “Маршу недармаедаў” у 2017г. У прыватнасці, гэта яна асудзіла  да штрафу памерам 50 базавых велічынь віцебскую грамадскую актывістку Таццяну Севярынец.

І яшчэ - некалькі прызначэнняў.

У суд горада Наваполацка прызначана на працу новая суддзя Аляксандра Агапава. Гэтае імя яшчэ не сустракалася ў сувязі з палітычна матываванымі прысудамі на Віцебшчыне.

Намеснікам суда Чыгуначнага раёна Віцебска прызначаны Андрэй Дзергачоў, які раней працаваў  шэраговым суддзем у судзе Полацкага раёна і г.Полацка. Ён таксама вядомы шматлікімі палітычна матываванымі прысудамі - ад “адміністратывак” за “распаўсюд экстрэмізму”  да  судоў  за абразу Аляксандра Лукашэнкі і нават за “тэрарызм”. Актам тэрарызму следства палічыла раскіданыя на дарозе не менш за 12 самаробных «вожыкаў» і металічных шыпоў перад праездам удзельнікаў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь» у 2021 годзе. Абвінавачанаму Руслану Слуцкаму суддзя Андрэй Дзергачоў прысудзіў  11 гадоў калоніі.

Ігар Баравы