Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 26 Кастрычнік 2018

Былы вязень калёніі “Віцьба-3” Алан Сьміт заўзеў на “Стэмфард Брыдж” за БАТЭ – у знак салідарнасьці

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Алан Сьміт на Stamford Bridge. Фота: facebook.com Алан Сьміт на Stamford Bridge. Фота: facebook.com

Такім чынам брытанец, які правёў два гады ў папраўчай калёніі №3 пад Віцебскам, выказаў салідарнасьць са зьняволенымі ў Беларусі, якім, каб пагуляць у футбол, даводзіцца плаціць грошы адміністрацыі.

Падчас матчу групавога этапу Лігі Эўропы паміж лёнданскім “Чэлсі” і барысаўскім БАТЭ, які праходзіў на легендарнай арэне “Стэмфард Брыдж” 25 кастрычніка, Алан Сьміт узьняў бел-чырвона-белы сьцяг з надпісамі “Жыве Беларусь!” і “Support for IK-3 Vitba”.

“Футбол ў папраўчай калёніі №3 забаронены, таму што яны патрабуюць, каб пераможцы плацілі пасьля кожнай гульні за душ. Але ніхто не хацеў плаціць, бо там ніхто ня мае грошай. Таму гуляць у футбол у калёніі папросту не дазвалялі”, – паведаміў Алан Сьміт.

“І мы пайшлі на гэты матч дзеля таго, каб хоць такім чынам падтрымаць сяброў Алана, якія засталіся ў калёніі”, – напісала жонка Алана Сьміта Магдалена Валынска.

Брытанец кажа, што заўзеў за БАТЭ і быў вельмі ўсьцешаны, калі беларусы забілі “Чэлсі” гол. Нагадаем, агульны лік матча 3:1 на карысьць лёнданцаў.

Алан Сьміт быў асуджаны ў Беларусі за “арганізацыю незаконнай міграцыі”. Ён кіраваў фірмай, якая займалася арганізацыяй мэдычнай апекі замежнікаў, у тым ліку ў Беларусі. Паводле Сьміта, ён набыў квіткі на цягнік Берасьце–Тэрэспаль групе грамадзянаў Іраку. Беларускі суд прысудзіў яму два гады зьняволеньня за арганізацыю незаконнай міграцыі. Брытанец ня мог разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, бо катэгарычна адмаўляўся прызнаць віну. З калёніі “Віцьба-3” быў вызвалены 29 верасьня 2018 году.

Зьміцер Міраш