10 снежня адзначаецца Міжнародны день правоў чалавека. Менавіта ў гэты дзень у 1948 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН была прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.
Аднак сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі толькі пагаршаецца. За 2020-2021 годы грамадзяне краіны спазналі столькі рэпрэсіі і розных формаў ціску з боку ўладаў, якіх дагэтуль не было за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.
На дадзены момант за кратамі знаходзіцца 907 палітвязняў, сярод якіх сем праваабаронцаў з “Вясны” – Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.
Мы заклікаем усіх ахвочых і салідарных 10 снежня далучацца да акцый, якія будуць праходзіць у розных гарадах свету, павіншаваць “вясноўцаў” з Міжнародны днём правоў чалавека, а таксама напісаць цёплыя словы для іншых палітзняволеных.
Вільня, Літва
У Вільні “Вясна” сумесна з хабам Imaguru арганізуе акцыю "Пошта салідарнасці" па падпісанню паштовак зняволеным праваабаронцам-вясноўцам і ўсім палітвязням краіны.
10 снежня можна прыйсці з 17 да 19 гадзін у салідарную прастору Imaguru і падпісаць паштоўкі ад "Майстэрні паштовак", а праваабаронцы адправяць іх у беларускія турмы.
На мерапрыемстве праваабаронцы ў нефармальнай абстаноўцы за кубачкам цёплай гарбаты распавядуць пра важнасць Дня правоў чалавека для ўсяго свету, а таксама пра тое, што пісаць палітвязням у лістах салідарнасці і як яшчэ можна падтрымаць “вясноўцаў” за кратамі.
У гэты ж час у Imaguru будзе праходзіць хакатон Шчаслівай нацыі, мэта якога знайсці новыя ініцыятывы і праекты, накіраваныя на паляпшэнне ўзроўня жыцця беларусаў, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца, аб’яднаць намаганні НКА-актывістаў, ментараў і спецыялістаў ІТ.
Уваход вольны, аднак абавязкова мець сертыфікат аб прышчэпкі і ахоўную маску.
Адрас: Вільнюс, вул. Віцянё, 18, 5 паверх.
Кіеў, Украіна
10 снежня, у Дзень правоў чалавека, арт-паб "Торвальд" у Кіеве запрашае падтрымаць палітвязняў Беларусі. Удзельнікі мерапрыемства змогуць адправіць лісты і падпісаць паштоўкі падтрымкі людзям у засценках, паўдзельнічаць у зборы сродкаў у падтрымку палітвязняў. З адпраўкай лістоў будзе дапамагаць ініцыятыва "Письма в клеточку".
“Са жніўня 2020 года ў Беларусі тысячы людзей прайшлі праз арышты, сотні кінутыя ў турмы за свае перакананні. У многіх з нас пераследу падвергліся сваякі і знаёмыя.
Гэтым вечарам людзі, асабіста якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі, падзеляцца сваімі гісторыямі. Выступяць беларускія праваабаронцы. Таксама вас чакае кінапаказ (фільм пакуль трымаем у таямніцы)”, - адзначаюць арганізатары мерапрыемства.
Адрас: Кіеў, вул. Фраметоўская, 2 (ст. м. Дзямееўская), арт-паб “Торвальд”. Пачатак у 19.30.
Інфармацыя будзе дапоўненая
Крыніца: Міжнародны дзень правоў чалавека крочыць па планеце. Далучайся!