9 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёна вынесены прысуд 28-гадоваму інжынеру-праграмісту Яўгену Надудзіку. Яго прызналі вінаватым паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Мужчыну вызвалілі ў залі суда.
Справу разгледзела суддзя Юлія Густыр. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Нічыпарук.
Яўгена затрымалі 5 жніўня 2021 года: з таго часу ён знаходзіўся пад вартай.
Згодна з абвінавачаннем, з 21.15 9 жніўня 2020 года па 02:00 10 жніўня 2020, знаходзячыся на праспекце Машэрава, дзейнічаючы ў групе асоб, прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. А менавіта – публічна выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў гучныя воплескі рукамі, накіраваныя на доўгае парушэнне спакою грамадзян, спалучанае з відавочным непадпарадкаваннем супрацоўнікаў. Таксама яму ў віну ставіўся ўдзел у счэпцы і перашкода руху транспартных сродкаў.
Што расказаў абвінавачаны?
Мужчына прызнаў віну. Ён патлумачыў, што ў 21.15 быў у гандлёвым цэнтры “Галерэя” і планаваў накіравацца да Стэлы: там быў арганізаваны сход людзей, якія не згодныя з вынікамі выбараў. Паколькі ён таксама быў нязгодны, вырашыў далучыцца: меркавалася, што гэта будзе мірнае мерапрыемства.
Ён распавёў, што каля Стэлы было шмат людзей, транспарт не хадзіў. Удзельнікаў пратэстаў і супрацоўнікаў міліцыі большала, натоўп накіроўваўся з праспекта Пераможцаў да вуліцы Машэрава. Яўген адзначыў, што заўсёды іноў па тратуарнай частцы, але калі супрацоўнікі АУС перакрылі рух, ён апынуўся на праезнай частцы разам з натоўпам. Адказваючы на пытанне адваката, ён удакладніў, што гэта атрымалася спантанна. Людзі сканавалі лозунгі, а потым невядомыя пачалі выносіць смеццевыя бакі на праезную частку.
Яўген узгадаў, што калі людзі выйшлі на праезную частку, то сталі браць адзін аднаго за локці і станавіцца ў счэпку – стаў і ён. Каля 0.15 ён вырашыў сыходзіць. Калі яго затрымалі, то адвялі ў будынак ГУБАЗіК, а потым у ЦІП на Акрэсціна. Там ён знаходзіўся з 10 да 14 жніўня. Да адміністрацыйнай адказнасці ў той раз яго не прыцягвалі.
Што распавялі сведкі?
Сведкамі па справе выступілі бацькі абвінавачанага. Ягоны бацька распавёў, што не ведаў пра ўдзел сына ў масавых мерапрыемствах – ведае толькі, што 10 жніўня яго затрымаў АМАП для выствятлення асобы. Ён распавёў, што сын ніколі не цікавіўся палітыкай, ягонымі інтарэсамі былі камп’ютары і спорт. Таксама бацька падкрэсліў, што раней і сам быў супрацоўнікам органаў унутраных спраў, таму сына выхоўвалі адпаведна.
Маці Яўгена распавяла, што не ведае, чаму сына затрымалі, калі ён вяртаўся дадому са Стэлы. Сын не казаў ёй, што будзе дзесьці ўдзельнічаць, а сказаў, што пойдзе гуляць па горадзе. Паколькі ў краіне раней такога не адбывалася, выказаць здагадку таго, што адбудзецца, ніхто не мог. Жанчына ахарактарызавала яго як добрага і спагадлівага сына, які заўсёды альбо працаваў, альбо гуляў у футбол.
Што ў матэрыялах справы?
Надудзік пазнаў сябе на выяве сярод групы асобаў перад смеццевымі кантэйнерамі. Таксама да матэрыялаў справы далучаныя звесткі аб ягоным перамяшчэнні 9 і 10 жніўня, згодна з білінгам тэлефона: ён быў адключаны 10 жніўня ў раёне плошчы Свабоды, 17.
Што казалі падчас спрэчак?
Пракурор быў упэўнены, што дзеянні абвінавачанага кваліфікаваныя правільна, і папрасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Абаронца пагадзіўся, што віна даказаная, і папрасіў улічыць чыстасардэчнае раскаянне, пастаянную працу і станоўучую характарыстыку. Суддзя пагадзілася з тэрмінам, які запрасіў пракурор.
Падчас апошняга слова Яўген Надудзік распавёў пра дні ў ЦІП і СІЗА ў жніўня 2020 года.
“У момант затрымання да мяне была прымененая грубая фізічная сіла. Былі пагрозы жыццю. На Акрэсціна ў мяне не было спальных рэчаў, прадметаў асабістай гігіены, у мяне не было прагулак. Калі я знаходзіўся з СІЗА, мяне паставілі на ўлік як схільнага да экстрэмізма. Я не лічу, што мае дзеянні 9 жніўня апраўдваюць меры, якія былі прымененыя да мяне падчас майго ўтрымання пад вартай. З моманта 9 жнііўня я не бачыў справядлівых і гуманных адносін да сябе, тым не менш сёння ў будынку суда я разлічваю на справядлівасць. Таксама хачу падзякаваць за патрымку сваім бацькам і сказаць, што я іх вельмі люблю”.
Крыніца: Чарговы прысуд паводле жнівеньскіх падзей: мужчыну асудзілі да трох гадоў "хатняй хіміі"