Арцём Карачун быў затрыманы 5 жніўня 2021 года. Дома ў яго прайшоў ператрус. Пасля 10 сутак у ІЧУ на Акрэсціна яго перавялі ў СІЗА-1. Затрыманаму 1995 года нараджэння прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса РБ – «Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Арцёма асудзілі за яго грамадзянскую пазіцыю. Яго пераслед, пазбаўленне волі і абвінавачванні праваабаронцы расцэньваюць як «палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй свабод мірных сходаў і выказвання свайго меркавання з нагоды вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года».

8 лістапада ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска прайшоў суд. Арцёма прызналі вінаватым. У якасці пакарання суддзя Бушава Алёна Вайцяхоўна прысудзіла палітвязня да абмежавання волі з накіраваннем на 3 гады. Такую меру ўтрымання, па словах абвінаваўцы, «суд палічыў дастатковым для выпраўлення з улікам таго, што да крымінальнай адказнасці Арцём Карачун прыцягваецца ўпершыню і мае станоўчыя характарыстыкі».

На Арцёма «будуць накладзеныя абавязкі, якія абмяжоўваюць яго свабоду». Простымі словамі, сваё пакаранне ён будзе адбываць у выпраўленчай установе адкрытага тыпу, дзе будзе працаваць па ўсталяваным раскладзе, вяртацца ў выпраўленчую ўстанову па раскладзе, бачыцца з роднымі ў строга дазволеныя дні.

Таксама суд пастанавіў, што «дзеянні падсуднага, яго відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады пацягнула за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту, у выніку чаго «Мінсктранс» мае права падаць іск аб спагнанні з Арцёма Карачуна сумы прынесенай ім шкоды».

Грошы - 50 рублёў і 10 еўра, сродкі з рахунку Арцёма ў «Белінвестбанку», тэлефон, два ноўтбукі, якія былі ў яго канфіскаваныя, суд пастанавіў пакінуць пад арыштам.

Самога палітвязня суддзя пастанавіла вызваліць з-пад варты ў зале суда, узяўшы з яго падпіску аб нявыездзе да моманту ўступлення прысуду ў сілу. Тэрмін адбыцця пад вартай з 5 жніўня да 8 кастрычніка суддзя пастанавіла залічыць у тэрмін адбыцця пакарання ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу з разліку 1 дзень у СІЗА да двух дзён адбыцця пакарання ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу.

Крыніца: Палітвязня Арцёма Карачуна прызналі вінаватым і прысудзілі тры гады «хіміі»