Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 5 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на іх. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Праваабаронцам "Вясны" вядома, што ў Мінску быў затрыманы Міхаіл Зубкоў.
А ў Слоніме затрыманы Іван Крывушын. Відавочцы паведамляюць, што затрыманне Івана было вельмі жорсткім і яго павезлі ў бок лесу. Дзе зараз знаходіцца мужчына - невядома.
Мінюст ініцыяваў ліквідацыю "Беларускай асацыяцыі кёрлінгу". Разгляд справы адбудзецца ў Вярхоўным судзе 16 лістапада.
Youtube-відэаролік “Малітва за Беларусь з Вячаславам Барком” прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі. Такое рашэнне прынята па заяве пракуратуры Расонскага раёна.
Палітзняволенаму мастаку Алесю Пушкіну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 30 студзеня 2022 года.
Ён быў затрыманы 30 сакавіка ў весцы Жылічы і абвінавачаны ў "наўмысных дзеяннях, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму" за намаляваны партрэт беларускага антысавецкага партызана пасляваенных часоў.
Спартоваму блогеру і футбалісту "Крумкачоў" Аляксандру Івуліну ў чарговы раз працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай на адзін месяц.
Івулін знаходзіцца ў няволі з 3 чэрвеня і абвінавачваецца ў арганізацыі ці актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак.
Інфармацыя дапаўняецца
Крыніца: Ні дня без затрыманняў. Хроніка палітычнага пераследу 5 лістапада