Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 1-2 лістапада. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Пераслед 2 лістапада
Блакіроўка сайтаў
У карыстальнікаў з Беларусі назіраюцца праблемы з доступам да сайту гомельскага інтэрнэт-выдання "Флагшток" і "Народныя навіны Віцебска". Магчыма, яго, як і многія незалежныя інтэрнэт-рэсурсы (у тым ліку spring96.org), заблакаваў Мінінформ.
Абодва сайты дасяжныя з тэрыторыі Беларусі праз VPN.
МУС прызнала экстрэмісцкімі фармаваннямі інтэрнэт-рэсурсы «Революционное действие», «Народная самооборона» і «Революцiйна дiя».
Адвакат журналіста, палітвязня Андрэя Пачобута Аляксандр Бірылаў атрымаў паведамленне ад Мінюста, што яго кваліфікацыя з'яўляецца «не цалкам адпавядаючай патрабаванням заканадаўства»
Такую пастанову ўчора вынесла Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі. Бірылаву далі паўгода на тое, каб выканаць рэкамендацыі камісіі, пасля чаго будзе праведзеная новая атэстацыя.
Ліцэнзіі Аляксандра Бірылава пакуль не пазбаўлялі.
Пераслед 1 лістапада
Затрыманне ў Мінску
У Мінску затрыманы Сцяпан Палаўкоў. Па папярэдняй інфармацыі, яго затрымалі за пост з абразай прэзідэнта. Яго змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
Затрыманне ў Гомелі
У Гомелі затрыманая Наталля Лупан. Да затрымання яна адбыла 30-сутачны арышт па арт. 19.11 КаАП за рэпост з "экстрэмісцкіх каналаў". Верагодна, цяпер затрыманая ў межах крымінальнай справы. Цяпер яна ў гомельскім ІЧУ.
У Пецярбургу затрымалі беларуску, у дачыненні да якой у Беларусі ўзбуджаная крымінальная справа ў сувязі з пратэстамі
Раніцай 1 лістапада ў Санкт-Пецярбургу супрацоўнікі расійскага крымінальнага вышуку затрымалі 24-гадовую грамадзянку Беларусі Яну Пінчук. Як высветлілася, дзяўчына знаходзілася ў вышуку на радзіме.
Яна з’ехала з Беларусі каля года таму. Цяпер яна працуе афіцыянткай у Расіі. Па словах хлопца, дзяўчына свабодна перамяшчалася паміж Масквой і Пецярбургам, нават не падазраючы, што ў Беларусі на яе ўзбуджаная крымінальная справа. Па папярэдняй інфармацыі, у дачыненні да яе распачатая справа па артыкулах аб распальванні варожасці і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі.
Апошняя вядомая інфармацыя па сітуацыі, што ўвечары Яну Пінчук з 16-ага аддзела паліцыі на Васільеўскім востраве даставілі ў пракуратуру. З ёй працуе адвакат.
Telegram-каналы «Сосны 97%», «Кабушкина/шишкина/крупская/кулешова» і Telegram-чаты «Могилевка Драйв чат», «Шабаны // Бачило», «Шарики (Партизанская). Новый чат района», «Gerasimenko squad» прызнаныя экстрэмісцкімі.
Палітвязня Ігара Банцара вярнулі з «хіміі» ў віцебскую калонію і змясцілі ў ШІЗА
Адміністрацыя палічыла, што ён дапусціў некалькі парушэнняў. Прычым Банцэра забралі ў штрафны ізалятар нягледзячы на тое, што ў яго была тэмпература.
Ігар Банцар пасля пераводу з калоніі быў на ізаляцыі. 1 лістапада яго наведала лекарка і выпісала бальнічны, паколькі Ігар меў падвышаную тэмпературу. Але літаральна праз 30 хвілінаў пасля гэтага яго забралі і павезлі назад у калонію.
Вязні па «справе Зельцара» ўжо месяц утрымліваюцца на «каранціне»: для іх не прымаюць перадачы і не пускаюць адвакатаў
У жодзінскай турме №8 з моманту пераводу затрыманых за каментары па «справе Зельцара» абвясцілі каранцін, праз які вязняў абмежавалі ва ўсім. Дакладную дату заканчэння каранціну супрацоўнікі не называюць. Па словах сваякоў, гэтае правіла тычыцца толькі тых, каго затрымалі менавіта за каментары: палітвязням не перадаюць перадачы, да некаторых не пускаюць адвакатаў.
Сваякі дасылаюць вязням пасылкі з неабходнымі рэчамі, бо яны ўжо больш за месяц сядзяць у тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.
У Магілёве затрыманы і арыштаваны на 10 сутак Алег Аксёнаў
Стала вядома, што ўчора супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Магілёва быў затрыманы палітык Алег Аксёнаў. Ён з'яўляецца каардынатарам аргкамітэта партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя па Магілёўскай вобласці, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы.
Яго арыштавалі па арт. 19.11 КаАП на 10 сутак за рэпост з TUT.BY.
Палітзняволены Мікіта Емяльянаў патлумачыў, за што яго зноў і зноў памяшчаюць у карцар
Як было вядома раней, Мікіту Емяльянаву адмовілі ў сустрэчы са святаром, хаця адпаведную заяву хлопец напісаў яшчэ летам. Палітвязню не аддаюць лісты ад Змітра Паліенкі і іншых людзей. Таксама Мікіта быў абураны тым, што адміністрацыя ніяк не рэагавала на ягоную пісьмовую заяву, дзе ён прасіў даць магчымасць атаварыцца за жнівень: апошні месяц лета Мікіта не змог скарыстацца сваім правам на атаварку, бо знаходзіўся ў карцары 42 дні.
Таму палітвязень на знак пратэсту адмовіўся выконваць патрабаванні Правілаў унутранага распарадку: перастаў галіцца, стрыч валасы, ляжаў на ложку ўдзень і паліў на тым жа ложку. За ўсе гэтыя парушэнні правілаў Мікіта быў змешчаны ў карцар з 11 кастрычніка, дзе знаходзіцца ўжо больш за 20 дзён. Сям’я хлопца чакала, што Мікіта патэлефануе 30 ці 31 кастрычніка, згодна з графікам, аднак гэтага не адбылся, што хутчэй за ўсё сведчыць пра тое, што тэрмін знаходжання ў карцары быў працягнуты.
Ці скончыў Мікіта галадоўку – невядома, бо лісты ад яго не прыходзяць. Нагадаем, Емяльянаў пачаў галадоўку на знак пратэсту, калі зразумеў, што адміністрацыя турмы працягвае парушаць ягоныя правы.
Таксама Мікіту паставілі на трэці прафілактычны ўлік – “як схільнага да нападу на адміністрацыю і захопу закладнікаў”.
Прадстаўніцу "Белсата" Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку арыштавалі на 15 сутак кожнага
1 лістапада ў судзе Першамайскага раёна па ч. 2 арт. 19.11 КаАП судзяць прадстаўніцу «Белсата» Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку. Мужчыну абвінавацілі ў рэпостах (захоўванні) на старонках у Facebook трох артыкулаў з «Белсата» 2017, 2018, 2019 гады, матэрыялы якога цяпер прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Аляксандр Лойка распавёў падчас, што іх з жонкай затрымалі 30 кастрычніка на пашпартным кантролі ў 3:15, закавалі ў кайданкі і нават не далі забраць багаж. Да суда ён быў у камеры на Акрэсціна ў двухмеснай камеры, дзе агулам знаходзіцца 10 чалавек. Вядома, спальных месцаў не хапае, таму яму даводзіцца спаць на падлозе. Аляксандр распавёў на працэсе, што яго прасілі запісаць "пакаяльнае відэа".
На працэсе Ірыны стала вядома, што затрымлівалі іх супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яе абвінавацілі ў захоўванні эсктрэмісцкіх матэрыялаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: артыкулы "Белсат" і "Люстэркі". Усе матэрыялы былі размешчаны да прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі.
Суддзя Максім Трусевіч арыштаваў мужа і жонку на 15 сутак кожнага.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.
Крыніца: Блакіроўка сайтаў, затрыманні па ўсёй Беларусі: хроніка пераследу 1-2 лістапада Дапоўнена