Судовая зала. Ілюстратыўнае фота Як стала вядома правабаронцам "Вясны", у судзе Савецкага раёна г. Мінска 29 кастрычніка агучылі прысуд па крымільнай справе ў дачыненні да палітзняволенага Вадзіма Гіля, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК).

Справу разглядала суддзя Марына Фёдарава, бок дзяржаўнага абвіначвання прадстаўляла Анастасія Маліко. Пацярпелымі па справе былі прызнаныя начальнік мінскага АМАПу Дзмітрый Балаба, міліцыянт-кіроўца Шукайла, старшыня пастаяннай каміі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных і пракурорка Аліна Касьянчык. Ад іх у суд паступілі заявы аб немагчымасці ўдзелу ў працэсе.

Паводле абвінавачвання, маючы намер на публічную абразу прадстаўнікоў ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых паўнамоцтваў, і Аляксандра Лукашэнкі, пасля прагляду публікацый Вадзім Гіль пакінуў шэраг каментароў у чаце тэлеграм-канала “Кулуары KYKY” у перыяд з красавіка па чэрвень 2021 году, чым публічна абразіў іх:  

Па словах пракуроркі, абвінавачаны разлічваў на наступнае ўспрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, усведамляючы публічны і зневажальны характар свайго выказвання з мэтай прычынення шкоды аўтарытэту дзяржаўнай улады, чым здзейсніў злачынствы па ч. 1 арт. 368 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Агалошванне прад’яўленных абвінавачванняў Гілю заняло 30 хвілін.

Вадзім Гіль прызнаў віну поўнасцю. Ён распавёў, што не быў падпісаны на тэлеграм-канал “Кулуары KYKY”, але чытаў там навіны і пакідаў каментары; разумеў, што каментары могуць быць абразлівымі, іх можа пабачыць неабмежаваная колькасць людзей. Патлумачыў, што той перыяд быў даволі цяжкі перыяд для яго асабіста, ён паверыў той інфармацыі, што была змешчана ў тэлеграм-канале, і такім чынам выказаў сваю крыўду. У здзейсненным раскайваецца, зрабіў для сябе адпаведныя высновы.

Вадзім Гіль быў затрыманы 27 ліпеня 2021 года, з той пары ўтрымліваўся пад вартай.

У спрэчах бакоў пракурорка прасіла суд прызнаць Вадзіма Гіля вінаватым і прызначыць яму паводле ч. 1 арт. 368 КК пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады, а па арт. 369 КК – абмежаванне волі са штрафам у памеры 300 базавых велічынь. Шляхам паглынання  менш строгага пакарання больш строгім канчаткова прасіла прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады са штрафам 300 б.в., мабільны тэлефон – канфіскаваць у даход дзяржавы, а таксама задаволіць заяўлены пазоў Балабай аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў, сыходзячы з прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.  

Менавіта такі прысуд і вынес суд, а пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды задаволіў у поўным аб'ёме. Вадзім Гіль быў вызвалены з-пад варты ў залі суды на час абскарджвання прысуду.

Крыніца: За абразлівыя каментары ў адрас чыноўнікаў і Лукашэнкі мужчыну пакаралі трыма гадамі “хатняй хіміі” і вялікім штрафам