Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 29-30 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Пераслед 30 кастрычніка

Паведамляецца, што не выходзіць на сувязь прадстаўніца тэлеканала «Белсат» Ірына Слаўнікава. Сёння ноччу яна прыляцела ў Мінск з Егіпта, але сваякі яе так і не дачакаліся. З Ірынай быў яе муж Аляксандр Лойка, ён таксама не выходзіць на сувязь. Верагодна, яны затрыманыя.

Навіны палітвязняў

Палітзняволены Антон Бяленскі адбыў пакаранне. Цяпер ён на волі

30-гадовы Антон Бяленскі— індывідуальны прадпрымальнік, валанцёр штаба Віктара Бабарыкі, валанцёр ініцыятывы «Сумленныя людзі». Яго затрымалі 10 жніўня 2020 года ў гасцініцы «Беларусь» на 17-м паверсе — сілавікі ўварваліся ў нумар. За ўдзел у акцыі пратэсту ў дзень выбараў Антону выставілі абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, але перад судом справу перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 КК.

5 сакавіка яго асудзілі да 1,5 гады «хіміі», якія ён адбыў у выпраўленчай ўстанове адкрытага тыпу №24 у Гродне. Да суда яго ўтрымлівалі пад вартай амаль сем месяцаў.

У Беларусі цяпер 832 палітзняволеных.

Палітзняволенага салігарчаніна Руслана Акостку змсяцілі ў ПКТ у "Віцьбе"

Як стала вядома "Вясне", Руслана Акосткуякі адбывае пакаранне ў тры гады пазабўлення волі ў "Віцьбе", змясцілі ў ПКТ. Прычына пакарання невядомая. стаў вядомым пасля таго, як 15 лістапада здолеў прайсці амаль праз увесь горад з бел-чырвона-белым сцягам. Такім чынам ён адзначыў акцыю ў памяць пра забітага Рамана Бандарэнку. 

Палітвязень Ігар Банцар, якому прысудзілі 1 месяц і 25 дзён калоніі за парушэнне турэмных правілаў, ізноў на «хіміі»

Ігар Банцар. Фота:

Музыку Ігара Банцара ў сакавіку 2021 года асудзілі на 1,5 года «хіміі», за акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў – танец у стрынгах перад міліцыянтам.

29 верасня суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў накіраваць палітвязня ў калонію за нібы шасцікротнае парушэнне рэжыму папраўчай установы. За гэта яму прысудзілі 1 месяц і 25 дзён.

Але сёння палітвязня даставілі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 9 у Віцебску.

Прычына вяртання на хімію — абскарджанне адвакаткай Банцэра рашэння суда аб замене пакарання на больш жорсткае. Парушэнні парадку, якія нібыта здзейсніў Банцэр, былі зафіксаваныя да ўвядзення новага заканадаўства. Паводле яго Ігара не павінны былі судзіць па артыкуле «замена пакарання на больш жорсткае». Але чамусьці судзілі. Адвакатка заўважыла гэтую нестыкоўку і падала скаргу. Пракурор быў вымушаны апратэставаць рашэнне суду.

Судовае слуханне па справе Мікалая Дзядка прызначана на 3 лістапада ў 10:00 

Мікалая абвінавачваюць у закліку да захопу ўлады, незаконных дзеянні з гаручымі рэчывамі, арганізацыі і падрыхтоўкі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Пераслед 29 кастрычніка ў Беларусі

У Мінску затрыманы Дзмітрый Петух, а ў Магілёве — Аляксандр  Федзьковіч.

Telegram-канал «Еўрарадыё» прызнаны экстрэмісцкім.

У Маскве затрымалі беларуса: ён быў у вышуку за ўдзел у маршы ў Гомелі, на якім «падышоў да супрацоўніка АМАП бліжэй, чым трэба»

Сёння раніцай у маскоўскім метро паліцыя затрымала жыхара Гомеля Міхаіла Зубкова. Яго спынілі для праверкі пашпарта, і высветлілася, што беларус - у вышуку. Цяпер Міхаіл у аддзяленні паліцыі, паведамілі @navinyonline яго сваякі.

У верасні мінулага года Зубкоў удзельнічаў у маршы ў Гомелі, яго затрымаў АМАП. Мужчына правёў 15 сутак у ІЧУ. Больш да яго прэтэнзій з боку міліцыі не было, упэўніваюць сваякі. Міхась з'ехаў на працу ў Маскву.

«У жніўні да жонкі і маці Міхаіла прыйшла міліцыя — былі ператрусы, шукалі і яго самога. Потым жонку выклікалі ў СК. Следчая паказала ёй фотаздымкі з маршу і патлумачыла, што яе муж падышоў да супрацоўніка АМАП "бліжэй, чым трэба", і што ў Міхаіла на фота быў чырвоны твар. Гэта значыць "ён гатовы быў кінуцца на супрацоўніка АМАП"», — распавялі сваякі.

Папярэдне, на Зубкова распачалі крымінальную справу за гвалт над супрацоўнікам міліцыі.

Пасля 30 сутак арышту на волю не выйшаў слесар заводу «Палімір» Дзмітрый Саюнаў

Дзмітрый павінен быў выйсці на волю 28 кастрычніка, але раніцай таго ж дня на яго быў складзены новы пратакол па ч.3 арт.24.23 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»), і ўжо ўвечары яму зноў прысудзілі 30 сутак арышту, піша @naftanStachka.

МУС прызнаў сетку тэлеграм-каналаў «NEXTA», «NEXTA-Live» і «Luxta» экстрэмісцкім фарміраваннем.

На супрацоўніка "Белтэлекама" з Магілёва Дзмітрыя Каханоўскага завялі крымінальную справу. Сілавікі лічаць, што ён зліваў іх дадзеныя ў тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі.

Як стала вядома MAYDAY, Дзмітрый Каханоўскі працаваў у Магілёўскім філіяле «Белтэлекама» інжынерам-сістэматэхнікам, і, як сцвярджаюць супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ, меў доступ да баз дадзеных аператара. У прыватнасці, нібыта "здабываў з базы асабістыя дадзеныя сілавікоў, дзяржслужачых, суддзяў". Следства сцвярджае, што ўсяго было 46 падобных эпізодаў.

Затрымалі Змітра на працоўным месцы 28 кастрычніка. 

Магілёўскага інжынера Дзмітрыя Каханоўскага з Акрэсціна пераводзяць у СІЗА на Валадарскага. Падчас затрымання яму паведамілі, што яго забіраюць у межах ч.3 арт. 130 КК (дзеянні, накіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці, учыненыя групай асобаў).

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 29-30 кастрычніка Дапоўнена