Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу ў Беларусі за 21 кастрычніка. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы, палітвязняў кідаюць у ШІЗА і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
МУС Беларусі прызнала тэлеграм-канал «Кіберпартызаны» і тэлеграм-чат «Кібер-Слівы» экстрэмісцкім фарміраваннем.
Раней экстрэмісцкімі фарміраваннямі былі прызнаныя «Дружыны народнай самаабароны — ДНС» і тэлеграм-чат «ДНС чат», «Буслы ляцяць», іх чат, партал, які размяшчаў карту дваровых чатаў, і ініцыятыва «Рабочы рух», піша "Наша Ніва".
Таксама ў Беларусі заблакаваны сайт Telegraf.by. Пры спробе адкрыць галоўную старонку навінавага рэсурсу ў некаторых карыстальнікаў з'яўляецца паведамленне аб тым, што доступ да яго "абмежаваны па рашэнні Міністэрства інфармацыі". Пры гэтым сайт даступны карыстальнікам за мяжой і праз VPN. У рэдакцыі Telegraf.by пакуль не каментуюць прычыны блакавання.
Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) 20 кастрычніка прыняў рашэнне па скарзе адваката беларуса Вадзіма Дубойскага. Жыхар Брэста зараз знаходзіцца ў Белгарадскім СІЗА, яго чакае выдача на радзіму. ЕСПЧ забараніў гэта рабіць, бо пагадзіўся з довадамі абароны пра пераслед і магчымасці катаванняў да беларуса. Пра гэта @navinyonline паведаміла сястра хлопца.
У жніўні 2020 года Вадзіма затрымалі і збілі, але адпусцілі без пратаколу. Мужчына зняў пабоі — і на яго завялі справу за масавыя беспарадкі. Увосень 2020 гады ён з'ехаў у Расію, дзе і быў затрыманы.
Жонку Андрэя Зельцэра, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ, перавялі ў РНПЦ псіхічнага здароўя "Навінкі"
Там Марыя Успенская будзе праходзіць псіхіятрычную экспертызу, паведамляе "Еўрарадыё". Жанчыну накіравалі ў “Навінкі” некалькі дзён таму з СІЗА №1, і ўпершыню за ўвесь час ёй атрымалася перадаць перадачу, піша Андрэй Стрыжак.
Актывіст “Руху За Свабоду” з Полацку Аляксей Панамароў 20 кастрычніка быў асуджаны да адміністрацыйнага арышту за рэпост экстрэмісцкага тэлеканала на сваёй старонцы "ВКонтакте". Падрабязнасці высвятляюцца.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Блакаванне сайтаў і пераслед сям'і Зельцэра: хроніка пераследу за 21 кастрычніка