Сёння намеснік старшыні ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай арганізацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч адзначае свой 49-ы Дзень народзінаў. На жаль, наш калега не зможа сустрэць яго ў коле сям’і ды сяброў, а вымушана знаходзіцца за кратамі за сваю праваабрончую дзейнасць.

Прадстаўнікі розных праваабрончых арганізацый віншуюць Валянціна Стэфановіча са святам і дасылаюць прамяні падтрымкі з розных куткоў свету.

Прэзідэнтка FIDH Аліс Магвэ накіравала праваабаронцу віншаванні і адзначыла:

“Вы заўсёды ў нашых думках і асабліва сёння, 14 кастрычніка ў ваш дзень нараджэння мы думаем пра Вас”.

vialantsin_birthday_fidh_rus.jpg

Дэпутат нямецкага Бундэстага Антон Хофрайтэр, які з’яўляецца сімвалічным "хросным" Стэфановіча ў межах кампаніі салідарнасці #WeStandByYou ад Libereco – партнёрства за правы чалавека, запісаў відэазварот (з субтытрамі) для Валянціна да Дня народзінаў.

“Я вельмі паважаю вашу мужнасць. Перш за ўсё, за тое, што вы не маўчыце ў абарону правоў чалавека, дэмакратыі і свабодных выбараў - хоць вы і занадта добра ведаеце наступствы дыктатуры.

У ваш Дзень нараджэння я хацеў бы сказаць вам - мы побач з вамі!”, - сказаў Антон Хофрайтэр.

Старшыня Östgruppen - Шведскай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека Марцін Угла напісаў на сваёй старонцы ў фэсбуку віншаванні Валянціну:

"Дарагi Валiк! Вiншую з Днём нараджэння! Ты самы круты праваабаронца, якога я ведаю! Чакаю на волi!"

martin_and_valiantsin.jpg
Марцін Угла і Валянцін Стэфановіч. Фота са старонкі Марціна Углы ў фэйсбуку

Нагадаем, праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч быў затрыманы 14 ліпеня. У яго дома дабыўся вобшук, у выніку чаго канфіскавалі ўсю тэхніку, а самаго праваабаронцу павезлі на допыт, пасля чаго змясцілі пад варту.

Валянціну Стэфановічу прад'яўленныя абвінавачванні ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), і ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК).

Дасылайце віншаванні Валянціну: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу

Крыніца: З Днём народзінаў, Валянцін! Відэа