З 5 па 10 кастрычніка ў Беларусі ўжо ў дзявяты раз праходзіць адукацыйна-асветніцкі Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Ён ладзіцца з нагоды Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца ў свеце 10 кастрычніка, кампаніей "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда распавёў, чаму без сістэмных зменаў па пытанні адмены смяротнага пакарння ў ім не будзе сур’езных зрухаў.
"Сёння мы пачынаем традыцыйны адукацыйна-асветніцкі "Тыдзень супраць смяротнага пакарання". Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія мы прайшлі за апошні час і якія па-ранейшаму застаюцца для нас выклікам (а можа нават, і ў тым ліку), мы цверда стаім на фундаментальных прынцыпах гуманізма і падыходах, заснаваных на правах чалавека.
Гэта ўжо дзявяты год, як мы звяртаем увагу на гэту праблему. Нажаль, яе актуальнасць для Беларусі не змяншаецца, нягледзячы на пэўныя вельмі ўмоўна пазытыўныя рэчы, якія адбываліся ў гэтым годзе ў кантэксте смяротнага пакарання.
Тут я маю на ўвазе і памілаванне братоў Косцевых, і дастакова актыўнае абмеркаванне зменаў у крымінальны кодэкс на пачатку году, якія прадугледжвалі выключэнне такога віда пакарння як смяротнае. Гэтыя змены, дарэчы, так і не ажыццявіліся. Такое абмеркаванне з самага пачатку выклікала пэўны скепсіс, бо яно адбывалася на фоне вынясення новага смяротнага прысуда Віктару Скрундзіку. А пасля ўсё гэта яшчэ больш было перакрэслена інфармацыяй аб магчымых растрэлах Віктара Паўлава і Віктара Скрундзіка, а лёс Віктара Сергеля дагэтуль невядомы.
Але ўсе гэтыя рэчы толькі падцвярджаюць тое, што без сістэмных зменаў па пытанні адмены смяротнага пакарання сур’езных зрухаў не будзе, і грамадства будзе па-ранейшаму чуць пра новыя смяротная прысуды і новыя расстрэлы.
Варта памятаць, што праблема смяротнага пакарання — гэта праблема не толькі правабаронцаў ці людзей, якіх датычны гэты від пакарння. Наяўнасць смяротнага пакарання вельмі моцна ўплывае на ўсё грамадства, на кожнага з нас. Яно раскручвае спіраль нянавісці і гвалту. Смяротнае пакаранне — гэта элемент сістэмы гвалту. Гвалту, які, як мы бачым зараз, пранізвае ўсе нашае грамадства.
Забойства чалавека заўсёды застаецца забойствам, незалежна ад таго, здзейсненае яно па выраку суда ці без яго. Смяротнае пакарнее — гэта зло".
Беларусь — апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага антыгуманнага віду пакарання і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. У 2018 годзе кампанія была ўганараваная Прэміяй праваабарончай супольнасці ў намінаціі “Праваабарончая кампанія году”. “Тыдзень супраць смяротнага пакарання” ладзіцца ў межах кампаніі.